Хацкевіч можа ўзначаліць менскае «Дынама»
- 27.08.2019, 21:42
Новыя ўласнікі клуба не задаволеныя працай Сяргея Гурэнкі.
Аляксандр Хацкевіч, звольнены 14 жніўня з пасады галоўнага трэнера «Дынама» Кіеў, можа працягнуць кар'еру ў сваім родным клубе - менскім «Дынама».
Пра гэта стала вядома сайту «Динамомания».
Хацкевіч гатовы змяніць на трэнерскім мастку свайго былога партнёра па нацыянальнай камандзе Беларусі - Сяргея Гурэнку, чыёй працай не вельмі задаволеныя новыя ўласнікі клуба. Мінчане вылецелі з Лігі Еўропы, саступіўшы латвійскай камандзе, прайгралі «Гарадзеі». 1 верасня матч з «Нёманам» Горадні, адмоўны вынік у якім можа прывесці да імгненнай змены трэнера.
Асноўным канкурэнтам экс-настаўніка кіяўлян называюць Алега Дулуба, былога трэнера «Чарнаморца» і «Карпат», які ўзначальвае зараз казахскі «Атырау».
Аднак «Дынама» Менск - не адзіны варыянт працягу трэнерскай кар'еры для Хацкевіча. Таксама ён можа ўзначаліць гранда польскага футбола, 13-кратнага чэмпіёна краіны - варшаўскую «Легію». У гэтым выпадку многае залежыць ад выніку матчу ў адказ раўнда плэй-оф Лігі Еўропы паміж шатландскім «Рэйнджэрс» і варшавянамі.
Першы матч скончыўся ўнічыю 0:0 і ў выпадку вылету з турніру кіраўніцтва «Легіі» напэўна звернецца да замены трэнерскага штаба. І Хацкевіч - прыярытэтны варыянт у якасці новага галоўнага трэнера.