«Прадавачка», у якой Пуцін купіў марозіва, больш не працуе
- 29.08.2019, 21:51
Жанчына знікла разам з латком.
Прадавачка, у якой Уладзімір Пуцін купіў марозіва падчас наведвання авіясалона МАКС, больш там не працуе, паведамляе «Московский комсомолец».
Журналісты спецыяльна паехалі ў Жукоўскі, каб купіць марозіва на тым жа месцы, на якім купляў яго прэзідэнт Расеі, але не знайшлі ні латка з прадукцыяй, ні жанчыны, якая прадавала тавар. Іншыя прадавачкі сцвярджаюць, што нічога не ведаюць пра яе.
МК адзначае, што на МАКС-2019, нягледзячы на мноства латкоў продажы марозіва, адсутнічаюць набытыя Пуціным валагодскі пламбір і пламбір «Коровка з Кореновки».
Раней СМІ звярнулі ўвагу на тое, што пры наведванні авіясалона МАКС Уладзімір Пуцін набыў марозіва ў маладой жанчыны, якая прадавала яго прэзідэнту Расеі на тым жа месцы роўна два гады таму. Карыстальнікі сацыяльных сетак высмеялі сітуацыю і задаліся пытаннем, у якім стане знаходзіцца прадаўшчыца і ці падвышаная яна пасля паспяхова выкананага другім разам запар задання.
У сваю чаргу, прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў патлумачыў супадзенне тым, што на авіясалоне кожны год працуюць адны і тыя ж кампаніі.