BE RU EN

Што азначае для Літвы ўвага ЗША да Беларусі?

  • 30.08.2019, 21:39

Літоўскія палітолагі - пра візіт Джона Болтана ў Менск.

Агенцтва BNS апытала палітычных экспэртаў, на тэму аб тым, што гэты візіт азначае для Літвы, паведамляе delfi.lt.

Лаўрынас Ёнавічус, выкладчык Інстытута міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта:

«Гэта сігнал аб тым, што ЗША хочуць атрымаць рычагі ўплыву ў Беларусі, аднак яшчэ не факт, што стасункі нармалізуюцца. Дж. Болтан дыпламатычна падкрэсліў, што абмеркаваў усе аспекты адносін - ад геапалітыкі да нераспаўсюджвання зброі і правоў чалавека. Асноўным сігналам мне здалася заява аб «змяненні геастратэгічных абставін», якія «змушаюць Вашынгтон і Менск шукаць супрацоўніцтва ў тых сферах, у якіх інтарэсы супадаюць». Адзіная такая сфера - ціск Расеі і пашырэнне яе ўплыву. Гэтага не жадаюць ні А. Лукашэнка, ні ЗША.

Калі глядзець з пазіцый Літвы, то гэты візіт пасылае некалькі сігналаў. Перш за ўсё, Захад шукае шляхі да дыялогу з А. Лукашэнкам, і аддае прыярытэт геастратэгічным мэтам. Правы чалавека застаюцца на парадку дня, але з улікам таго, што і сам Лукашэнка ў апошнія гады не паступае так жорстка, як раней, гэтае пытанне пакуль адсоўваецца ў бок. Гэта пэўны выклік для Літвы, якая з'яўляецца адным з нешматлікіх пакінутых каштоўнасных бастыёнаў у пытанні Беларусі.

Па-другое, нідзе не прагучала ні слова пра Беларускую АЭС у Астраўцы. Імаверна, што Дж. Болтан не ўздымаў гэтае пытанне. Імаверна, што амерыканцам гэта не актуальна, і яны не хочуць абцяжарваць рэалізацыю стратэгічных інтарэсаў дэталямі, якія з пункту гледжання Вашынгтона з'яўляюцца нязначнымі.

Па-трэцяе, Джон Болтан ясна акцэнтаваў важнасць суверэнітэту Беларусі. Гэта несумненна акцэнтавалася ў кантэксце паглыблення інтэграцыі Беларусі і Расеі, якое адбываецца. Мэсэдж ЗША зусім ясны - мы хочам бачыць суверэнную Беларусь - гэта значыць, не саюзную Расейска-Беларускую дзяржаву. Гэта, зноў жа, галаваломка для Літвы - ці мае сэнс у агульным кантэксце большай адкрытасці Захаду Менску з'яўляцца ў якасці пэўнага тармазнога дзеяча, напрыклад, усё яшчэ блакаваць падпісанне Прыярытэтаў партнёрства з ЕЗ.

І, нарэшце, вельмі практычны пытанне, звязанае з пастаўкамі альтэрнатыўнай нафты Беларусі. Гэта становіцца ўсё большай праблемай стасункаў Расеі і Беларусі, несумненна, гэта ўнесена і ў парадак стасункаў ЗША і Беларусі - Менск наняў лабістаў для працы ў ЗША над гэтым пытаннем. Калі глядзець геаграфічна, то Літва самая блізкая для Беларусі нафтавая брама, калі, вядома, такое пагадненне будзе мець месца. Пра гэтую браму добра падумаць, і магчыма, скарыстацца.

Віціс Юрконіс, палітолаг, прадстаўнік амерыканскай няўрадавай арганізацыі Freedom House ў Літве:

«Візіт Дж. Болтана скептычна ацэняць як манеўр або кампенсацыю ўсходняй палітыкі. Аптымісты ўбачаць геастратэгічнае значэнне. Але сам візіт высокапастаўленай службовай асобы з'яўляецца важнай прыкметай таго, што ў Вашынгтоне не забываюць пра Усходнюю Еўропу. Гэта далёка не данасць ці не сам сабой зразумелы факт.

Адначасова гэтую сітуацыю неабходна выкарыстоўваць у пошуку агульных інтарэсаў. Я б звярнуў увагу на тое, што, напрыклад, у Беларусі гаворка ішла не толькі пра геапалітыку або вайсковыя аспекты, але і пра правы чалавека. Што б вы не думалі аб адміністрацыі Д. Трампа, ці пра яго самога, свабода і каштоўнасці ў амерыканскай дыпламатыі застаюцца.

Апошнія навіны