BE RU EN

Tages-Anzeiger: Кібербрыгада Кіма крадзе грошы ў вялікіх маштабах

  • 5.08.2019, 21:12

Па даручэнні дыктатара Паўночнай Карэі хакеры крадуць грошы і біткойны ў мільярдных сумах.

«Паўночнакарэйскаму дыктатару патрэбная валюта. На яго даручэнні хакеры крадуць грошы і біткойны ў мільярдных сумах - у тым ліку і ў Еўропе», - паведамляе швейцарскае выданне Tages-Anzeiger (пераклад - inopressa.ru).

«Яны крадуць грошы, кібервалюту і нават учыняюць атакі на крыптавалютныя біржы, напрыклад, японскую Bit-Point, якую ў мінулым месяцы абакралі на 32 млн даляраў, - адзначае аўтар артыкула Ханс-Юрген Маўрус. - Паўночнакарэйскія хакеры сістэматычна атакуюць банкі, прамысловыя і сыравінныя прадпрыемствы, каб дабрацца да іх грошай. Таксама і за найбуйнейшай атакай на японскую крыптавалютную біржу Coincheck летась стаяла, паводле звестак паўднёвакарэйскай разведкі, кібербрыгада, арганізаваная Кім Чэн Ынам. Тады былі скрадзеныя лічбавыя манеты коштам блізу 500 млн даляраў».

«Паўночнакарэйскія хакеры вельмі паспяховыя, - указвае выданне. - У траўні газета Sonntags Zeitung паведамляла, што Паўночная Карэя шпіёніць і за швейцарскімі банкамі. З дапамогай электронных лістоў, якія былі замаскіраваныя пад матывацыйны лісты для прыёму на працу і ўтрымлівалі шкоднаснае ПА, фінансавыя інстытуты атакавала хакерская групоўка Lazarus».

«Паводле ацэнкі Матахіра Цухія, кіберэкспэрта японскага Універсітэта Кэйё ў Токіа, кібервойска Кіма складаецца як мінімум з 7 тысяч супрацоўнікаў. Завабліваюць туды ў асноўным маладых кампутарных талентаў, якіх вярбуюць ўжо ў школе ва ўзросце 10 гадоў (...)», - гаворыцца ў артыкуле.

«У кастрычніку 2018 года экспэрты амерыканскай кампаніі Fire Eye, якая спецыялізуецца на кібербяспецы, паведамлялі, што паўночнакарэйская хакерская групоўка APT38 на даручэнне ўрада пачала маштабную кібератаку на банкі і інстытуты Азіі і Паўднёвай Амерыкі і (...) скрала праз міжнародную аплатную сістэму SWIFT блізу 100 млн даляраў. Паводле звестак Fire Eye, з 2014 года напады зазналі як мінімум 16 арганізацый у 11 краінах, сярод іх банкі Чылі, Індыі і Бангладэш. (...) з Цэнтрабанка Бангладэш было скрадзена як мінімум 81 млн даляраў», - паведамляе выданне.

«Мэта хакераў у тым, каб дапамагчы валютай рэжыму Кім Чэн Ына, які знаходзіцца пад жорсткімі санкцыямі. (...) Дзякуючы хакерству Паўночная Карэя атрымлівае цяпер больш грошай чым у гандлі зброяй, якая ацэньваецца ў 500 млн даляраў у год».

«Кібервойны Кіма ўсё больш факусуюцца на крыптавалютах і крыптавалютных біржах. Яны выкарыстоўваюць у сваіх мэтах недастатковую абароненасць, слабое рэгуляванне і развітую ананімнасць у гэтай галіне. (...) Віктар Ча з вашынгтонскага аналітычнага цэнтра CSIS на працягу 15 месяцаў фіксуе працяглыя атакі з Паўночнай Карэі на інфраструктурныя аб'екты, напрыклад, нафтавыя і газавыя фірмы», - піша выданне.

Паўночнакарэйскія хакеры вынаходлівыя, цярплівыя і настойлівыя, кажуць у колах амерыканскай спецслужбы АНБ. Швейцарскі цэнтр справаздачнасці і аналізу захавання бяспекі звестак (MELANI) пацвярджае факт кібератак на кліентаў інтэрнэт-банкінгу, а таксама «вывучае нядаўнія фішынгавыя атакі на кліентаў швейцарскага паштовага сэрвісу Protonmail. Яго заснавалі былыя супрацоўнікі Еўрапейскага цэнтра ядзерных даследаванняў Cern, сэрвіс уважаецца вельмі надзейным і часта выкарыстоўваецца журналістамі, якія вядуць расследавання пра расейскую вайсковую спецслужбу ГРУ. Як мяркуецца, за атакай стаяць расейскія хакеры», гаворыцца ў артыкуле.

«У 2017 годзе кібервойска Кіма, які запусціў траян Wannacry, нанесла шкоду сумаю блізу 4 млрд даляраў», - паведамляе Tages-Anzeiger.

Апошнія навіны