BE RU EN

Вялікабрытанія заклікала перагледзець вяртанне Расеі ў ПАРЕ

  • 6.08.2019, 21:04

Вялікабрытанія адрэагавала на масавыя затрыманні дэманстрантаў на акцыях пратэсту ў Маскве.

Брытанская дэлегацыя ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы заклікала перагледзець вяртанне ў арганізацыю Расеі праз масавыя затрыманні дэманстрантаў на акцыях пратэсту ў Маскве. Тэкст заявы апублікаваў сталы прадстаўнік Вялікабрытаніі ў ПАРЕ Крыстафер Івон, піша svoboda.org.

У заяве адзначаецца, што Расея не мае намеру выконваць свае абавязанні і падпарадкоўвацца стандартам асамблеі. Вялікабрытанія таксама абвінавачвала расейскія ўлады ў парушэнні Канвенцыі аб правах чалавека. Брытанская дэлегацыя выказала надзею, што ПАРЕ разгледзіць пастанову аб вяртанні Расеі да працы ў арганізацыі на сесіі ў верасні.

Днямі зварот у Раду Еўропы ў сувязі з парушэннем выбарчых правоў расейцаў на этапе рэгістрацыі кандыдатаў на будучых выбарах накіравалі прадстаўнікі Грамадзянскага форуму ЕЗ - Расея.

Пратэсты ў Маскве доўжацца з сярэдзіны ліпеня. Тады стала вядома аб адмове дзясяткам незалежных кандыдатаў у рэгістрацыі на выбары ў Маскоўскую гарадскую думу. Узгоднены мітынг за допуск кандыдатаў на праспекце Сахарава ў цэнтры горада сабраў 20 ліпеня, з розных ацэнак, ад 12 да 25 тысяч чалавек. Пасля няўзгодненай акцыі ў цэнтры Масквы 27 ліпеня была распачатая крымінальная справа аб масавых беспарадках, згодна з ёй арыштаваныя 9 чалавек, яшчэ адзін абвешчаны ў вышук. 3 жніўня ў Маскве прайшла яшчэ адна акцыя, разагнаная ўладамі.

Расея не брала ўдзел у працы асамблеі з 2015 года. Праз анэксію Крыма і падтрымку сепаратыстаў на ўсходзе Украіны Расею пазбавілі права голасу і ўдзелу ў рабоце органаў асамблеі. З 2017 года праз гэтую сітуацыю Расея перастала плаціць унёскі ў бюджэт Рады Еўропы і прыстрашыла выхадам з арганізацыі.

25 чэрвеня ПАРЕ большасцю галасоў прыняла папраўкі да рэгламентам і рэзалюцыю, якая дазваляе расейскай дэлегацыі вярнуцца да працы ў асамблеі. Пасля гэтага дэлегацыі Украіны і Грузіі аспрэчылі паўнамоцтвы расейскай дэлегацыі. Расейскія дэпутаты папярэдзілі, што Расея выйдзе з ПАРЕ, калі асамблея захавае хоць нейкія абмежаванні, уведзеныя раней.

У пачатку ліпеня стала вядома, што Расея выплаціла ўнёсак у бюджэт Рады ўропы за 2019 год сумай 33 мільёны еўраў.

Апошнія навіны