Прэзідэнт Літвы зацвердзіў склад новага ўрада з заменай трох міністраў
- 7.08.2019, 21:17
Паколькі змяніўся больш чым адзін міністр, урад павінен будзе прайсці працэдуру даверу ў Сойме Літвы.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа зацвердзіў новы склад урада, у якім замянілі трох міністраў.
Пра гэта паведамляе партал Delfi.
На месца міністра транспарту і камунікацый замест Рокас Масюліса прызначаны прадстаўнік Выбарчай акцыі палякаў Літвы Яраслаў Наркевіч, на пасаду кіраўніка міністэрства ўнутраных спраў замест Эймуціса Місюнаса прызначаная таксама прадстаўніца палякаў Рыта Тамашюнене, а Гедруса Сурпліса на пасадзе кіраўніка міністэрства сельскай гаспадаркі зменіць сябра Сойму Андрус Паленіс.
Паколькі змяніўся больш чым адзін міністр, урад павінен будзе прайсці працэдуру даверу ў Сойме Літвы.
У пачатку ліпеня была створаная новая кіруючая кааліцыя. Дамову аб супрацоўніцтве падпісалі Літоўскі саюз сялян і «зялёных» (ЛСКЗ, «сяляне»), Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя працы, Выбарчая акцыя палякаў Літвы - Саюз хрысціянскіх сем'яў і «Парадак і справядлівасць».
Саўлюс Скверняліс быў ізноў прызначаны прэм'ерам у канцы ліпеня пасля працэдуры звароту паўнамоцтваў у сувязі з прысягай новага прэзідэнта Літвы.