Румас пагаварыў праз тэлефон з Мядзведзевым пра «інтэграцыю»
- 14.09.2019, 19:50
Тэлефонная размова адбылася на ініцыятыву беларускага боку.
Як паведамляе прэс-служба Савета Міністраў, 14 верасня прэм'ер-міністр Беларусі Сяргея Румаса пагутарыў праз тэлефон са старшынёй урада Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым. Падставай паслужыў дзень нараджэння расейскага калегі. Паведамляецца, што прэм'ер-міністр Беларусі пажадаў яму моцнага здароўя, невычэрпнай энэргіі і дабрабыту.
Аднак аднымі віншаваннямі беларускі прэм'ер не абмежаваўся. Адзначаецца, што «падчас размовы былі абмеркаваныя актуальныя пытанні інтэграцыйнага парадку».
У канцы жніўня Сяргей Румас распавёў пра праграму рэалізацыі «саюзнай дамовы» з 66 пунктаў. З яго слоў, пункты «практычна ўсе ўзгодненыя» і ў пачатку верасня праграма можа быць падпісаная.