BE RU EN

Цімашэнка анансавала правядзенне рэферэндуму ў пытанні продажу зямлі ва Украіне

  • 26.09.2019, 20:57

Каманда «Бацькаўшчыны» выступае катэгарычна супраць продажу сельскагаспадарчай зямлі.

Ад імя партыі і фракцыі «Бацькаўшчыны» Юлія Цімашэнка звярнулася да прэзідэнта Украіны з патрабаваннем правесці рэферэндум у пытанні продажу зямлі, перш чым выносіць закон аб рынку зямлі на галасаванне Вярхоўнай Рады.

Пра гэта заявіла лідарка «Бацькаўшчыны» Юлія Цімашэнка на прэс-канферэнцыі, паведамляе apostrophe.ua.

Для гэтага «Бацькаўшчына» рэгіструе ў Радзе законапраект «Аб правядзенні ўсеўкраінскіх рэферэндумаў з народнай ініцыятывы», які рэгулюе механізмы іх ажыццяўлення. Таксама фракцыя ўносіць законапраект пра змены ў Зямельны кодэкс Украіны, згодна з якім рашэнне пра лёс зямлі можна будзе прымаць толькі пасля правядзення рэферэндуму.

Яна паведаміла, што ў адпаведнасці з палажэннямі занесенага ўрадам законапраекта аб рынку зямлі, права купляць сельскагаспадарчыя ўгоддзі атрымаюць не толькі ўкраінцы, але і асобы з падвойным грамадзянствам, а таксама «ўкраінскія прадпрыемствы». Згодна з дзейным заканадаўствам украінскай можа называцца кампанія, 99% у якой належыць замежнікам.

Юлія Цімашэнка нагадала, што плошча сельскагаспадарчых зямель ва Украіне складае 42 мільёны гектараў - а гэта 72% усёй тэрыторыі Украіны.

«Гэты законапраект прадугледжвае, што падчас вайны, акупацыі, анэксіі - можна проста прадаць з малатка 72% тэрыторыі Украіны, і далёка не сваім фермерам і аграрыям. Калі ён будзе прыняты ў парламенце і такі дазвол замежнікам купляць украінскую сельскагаспадарчую зямлю стане рэальнасцю, гэта будзе азначаць новую каланізацыю Украіны», - заявіла Цімашэнка.

Яна перасцерагла прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ад «трагічнай памылкі» і нагадала пра становішчы яго праграмы аб ажыццяўленні «народаўладдзя праз рэферэндумы».

«Пытанне распродаж3 тэрыторыі Украіны замежнікам - гэта важнае пытанне, дазвол на якое трэба спытаць у народа Украіны. Гатовы народ Украіны распрадаць сваю тэрыторыю падчас вайны? І ці гатовы народ Украіны аддаць прыбытак, які нараджае наша зямля, замежным вялікім манапольным карпарацыям?», - сказала лідарка «Бацькаўшчына».

Юлія Цімашэнка паведаміла, што ўжо сем абласных рад прынялі зварот да прэзідэнта і парламента з патрабаваннем спыніць адкрыццё рынку зямлі, і гэтая хваля набірае абароты.

Лідарка партыі нагадала, што каманда «Бацькаўшчына» выступае катэгарычна супраць продажу сельскагаспадарчай зямлі Украіны, і заклікала ўсіх украінцаў, палітычныя сілы, грамадскія арганізацыі аб'яднацца і змагацца, каб «не дапусціць трагічнага для Украіны рашэння».

Апошнія навіны