Кіраўнік Еўрапарламента: З нецярпеннем чакаю магчымасці уручыць Сянцову прэмію Сахарава
- 7.09.2019, 21:34
У 2018 годзе ўкраінскаму кінарэжысёру прысвоілі прэмію Еўрапейскага парламента «За свабоду думкі».
Прэзідэнт Еўрапейскага парламента Давід-Марыя Сасолі паведаміў у Twitter, што чакае магчымасці сустрэцца з украінскім кінарэжысёрам Алегам Сянцовым і ўручыць яму парламенцкую прэмію імя Сахарава.
«З палёгкай і глыбокай радасцю я даведаўся сёння пра вызваленне ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова. Ён годна супрацьстаяў несправядлівасці, абараняў дэмакратыю і правы чалавека. З нецярпеннем чакаю магчымасці асабіста ўручыць яму парламенцкую прэмію Сахарава найбліжэйшым часам», - напісаў Сасолі.
З 1988 года прэмія Сахарава, заснаваная Еўрапейскім парламентам, штогод уручаецца людзям або арганізацыям, якія прысвяцілі сябе свабодзе слова і абароне правоў чалавека. Навуковец-фізік Андрэй Сахараў у канцы 80-х гадоў стаў нефармальным лідарам дэмакратычнага руху ў СССР.