Стала вядомая рэальная колькасць ахвяр COVID-19 у Расеі
- 13.12.2020, 21:35
Расстат апублікаваў статыстыку смяротнасці.
Прырост смяротнасці ў Расеі з красавіка да кастрычніка 2020 года ў параўнанні з 2019 годам склаў 164 057 чалавек.
Гэта вынікае са звестак Расстата, паведамляе nn.by.
Напэўна, гэтая лічба блізкая да рэальнай смяротнасці ад каранавіруса. Паводле афіцыйных звестак у Расеі ад каранавіруса памерла 47 тысяч чалавек, што ў 4 разы менш.
Мяркуючы з лічбаў звышвысокай смяротнасці, у Расеі ад каранавіруса на канец кастрычніка памерла больш за 0,11% насельніцтва. А на падставе таго, што навукоўцы ведаюць пра каранавірус, гэта азначае, што блізу 24 мільёны расейцаў заразіліся каранавірусам.
Такім чынам, смяротнасць ад каранавіруса у Расеі знаходзіцца на ўзроўні краін, найбольш пацярпелых ад пандэміі.
Адрозна ад Расеі, звесткі аб смяротнасці ў Беларусі ў 2020 годзе не публікуюцца, хоць у папярэднія гады публікаваліся рэгулярна.
З статыстыкі, пададзенай у ААН, стала вядома, што ў другім квартале 2020 года перавышэнне смяротнасці ў нашай краіне склала 5605 чалавек, што ў 14 разоў адрозніваецца ад афіцыйнай статыстыкі ахвяр за той жа перыяд. Ні Міністэрства аховы здароўя, ні Лукашэнка не пракаментавалі скачок смяротнасці.