Лайнер «Вестэрдам» адмаўляюцца прымаць у партах праз падазрэнні на каронавірус
- 12.02.2020, 15:31
Судна знаходзіцца ў моры амаль два тыдні.
Тайланд адмовіўся пусціць у порт Лаем Чабанг круізны лайнер «Вестэрдам» праз боязь, што на яго борце ёсць заражаныя каронавірусам. Пра забарону заходзіць у порт паведаміў міністр аховы здароўя Тайланда Ануцін Чарнвееракул, піша meduza.io са спасылкай на Bangkok Post.
Каралеўства гатовае даставіць на лайнер патрэбную колькасць ежы і вады.
На борце «Вестэрдама» 2257 пасажыраў і чальцоў экіпажа, лайнер выйшаў з Ганконга 1 лютага. За два тыдні ён павінен быў наведаць некалькі партоў Тайваня і Японіі.
Канчатковым пунктам быў японскі порт Ёкагама, куды лайнер прыбыў бы 15 лютага.
Японія адмовілася прымаць «Вестэрдам», паведаміўшы пра гэта праз некалькі дзён пасля пачатку круізу. Затым гэтак жа паступілі Гуам і Маніла.
Аператар судна Holland America Line заявіла, што «Вестэрдам» не на каранціне, падстаў падазраваць каронавірус у каго-небудзь на борце няма. Паліва і харчавання судну выстарчыць да канца рэйса, удакладніла кампанія.
Раней сайт Charter97.org паведамляў, што ў Японіі з 5 лютага на каранціне стаіць круізны лайнер «Дайманд Прынцэс». На яго борце ўжо 130 заражаных каронавірусам.