Камбоджа пагадзілася прыняць круізны лайнер, які не ўпускалі ў іншыя краіны
- 12.02.2020, 21:21
Лайнер Westerdam больш за тыдзень не можа прычаліць ля азіяцкіх партоў праз боязь каронавіруса.
Камбоджа прыме круізны Лайнер Westerdam, нягледзячы на магчымую наяўнасць на борце заражаных каронавірусам пасажыраў. Судна прыбудзе ў камбоджыйскі порт Сіануквіль у чацвер раніцай, паведамляе zn.ua са спасылкай на японскае агенцтва Kyodo News.
Westerdam пакінуў Ганконг 1 лютага, і з таго часу яго адмовіліся прыняць пяць партоў праз асцярогі, што некаторыя пасажыры могуць быць хворыя на каронавірус. Лайнер не прынялі ўлады Японіі, Філіпін, Гуама, Тайланда і Тайваня.
На борце круізнага лайнера знаходзяцца 1 455 пасажыраў і 802 сябры экіпажа. Усе яны здаровыя, паведамляе аператар лайнера Holland America Line. Планавалася, што пасажыры высадзяцца з карабля ў японскай Ёкагаме 15 лютага.
Дзяржсакратар міністэрства аховы здароўя Камбоджы Вандзін заявіла, што, «калі пасажыры сапраўды здаровыя, то, вядома, ім павінны дазволіць правесці канікулы ў Камбоджы».