Малдова: прарумынскія партыі абвясцілі пратэсты, кіраўніку МЗС ініцыяваны недавер
- 13.02.2020, 19:36
У Малдове хочуць звольніць кіраўніка МЗС, што пахваліў войска РФ за акупацыю Прыднястроўя.
Блок Unirea (у які ўваходзяць 5 партый Малдовы, якія выступаюць за аб'яднанне краіны з Румыніяй) 14 лютага правядзе акцыю пратэсту ў цэнтры Кішынёва. Unirea абураны пастановай урада адклікаць 6 паслоў, у тым ліку і амбасадара ў Румыніі.
Пра гэта заявіў у сваім Facebook лідар Ліберальнай партыі Дорын Кіртаакэ, паведамляе «Европейская правда».
Незадаволенасць Unirea таксама выклікалі апошнія выказванні кіраўніка МЗС Аўрэліў Чакой пра ролю расейскага войска ў вайсковым канфлікце на Днястры.
Дэпутаты партыі «Платформа годнасць і праўда» 13 лютага ўнеслі ў парламент хадайніцтва аб вотуме недаверу міністру.
У далейшым вотум недаверу разгледзіць юрыдычны камітэт парламента. Чакой заявіў, што канфлікт 1992 года на Днястры «справакавалі пэўныя сепаратысцкія сілы ў прыднястроўскім рэгіёне». Ён дадаў, што «войска РФ, размешчанае тады ў прыднястроўскім рэгіёне, умяшалася, каб спыніць кровапраліцце».
Unirea абвінавачвае рэжым дзейнага прэзідэнта Ігара Дадона ў «рэ-саветызацыі» Малдовы.
«Рэжым Дадона спрабуе ануляваць дасягнення руху нацыянальнага вызвалення, незаконна адрамантаваць помнік «вызваліцелям» перад Акадэміяй навук, перайменаваць вуліцу Гогі ў вуліцу Суворава, замяніць памятны камень на плошчы Вялікага нацыянальнага сходу помнікам Радзіма-маці. Замест таго, каб адправіць у адстаўку міністра Чакоя, які прынізіў усіх грамадзян Малдовы, урад наважыў адклікаць паслоў, нанёсшы ўдар па іміджы Малдовы», - напісаў Кіртаакэ.
Палітык паабяцаў пастаянны пратэст «Стоп Дадон». Першая акцыя прызначаная на 14 лютага ў цэнтры Кішынёва.
«Мы канстатуем няздольнасць рэжыму Дадона выконваць інтарэсы Малдовы і ўважаем, што найлепшае развязання - добраахвотны сыход», - дадаў Кіртоакэ.
Паводле пададзеных Дадону праектаў указаў, сваіх пасадаў могуць пазбавіцца паслы Малдовы ў Румыніі (па сумяшчальніцтве ў Чарнагорыі і Сербіі), Аўстрыі (Славакія, АБСЕ, ААН), Швецыі (Фінляндыя, Нарвегія, Ісландыя), Балгарыі (Паўночная Македонія, Албанія), а таксама кіраўнікі дыппрадстаўніцтваў у КНР і Чэхіі.