Нямеччына замыкае межы з трыма краінамі
- 15.03.2020, 19:47
Межы будуць замкнёныя ўжо з заўтрашняга дня.
На фоне пандэміі каранавірусу і росту колькасці новых выпадкаў заражэння Нямеччына раніцай у панядзелак, 16 сакавіка, замкне наземныя адцінкі мяжы з трыма суседнімі краінамі - Францыяй, Аўстрыяй і Швайцарыяй. Пра гэта ў нядзелю, 15 сакавіка, паведаміла агенцтва AFP са спасылкай на крыніцу з урадавых колаў, піша «Нямецкая хваля».
Адпаведную пастанову ў часе тэлефоннай размовы прынялі федэральная канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель (Angela Merkel), прэм'ер-міністр Баварыі Маркус Зёдэр (Markus Söder), міністр унутраных спраў Нямеччыны Горст Зээгофэр (Horst Seehofer), прэм'ер-міністр федэральнай зямлі Бадэн-Вюртэмбэрга Вінфрыд Крэчман (Winfried Kretschmann), кіраўнік урада федэральнай зямлі Заарланда Тобіяс Ганс і прэм'ер-міністр Райнланда-Пфальца Малу Дрэер (Malu Dreyer), паведаміў суразмоўца AFP. Закрыццё меж стане яшчэ адной спробай абмежаваць распаўсюд інфекцыі.
Парыж мае сваю версію
Між тым французскія ўлады паведамілі, што гаворка ідзе не пра поўнае замыканне французска-нямецкай мяжы, а аб узмацненні кантролю ў рамках барацьбы з каранавірусам, піша агенцтва Reuters.
За апошні дзень колькасць выпадкаў заражэння каранавірусам у Нямеччыне павялічылася на 827. Агулам на 15 сакавіка ў краіне зарэгістраваныя 5426 інфікаваных, памерлі 11 чалавек.