BE RU EN

Прадпрымальнікі «Экспобела» дамагліся зніжэння арэнды ўдвая

  • 13.05.2020, 21:44

Блізу двух месяцаў доўжыліся перамовы з адміністрацыяй.

Новы кошт арэнды будзе дзейнічаць з чэрвеня да жніўня.

Пра зніжэнне арэнднай платы для прадпрымальнікаў «Экспобела» паведаміла грамадскае аб'яднанне «Перспектыва».

Адзін з прадпрымальнікаў распавёў нам, як атрымалася дасягнуць згоды:

«Месяцы два таму пачалі дамаўляцца. Ігнаравалі нас. Ці то ў канцы лютага, ці то ў самым пачатку сакавіка мы адзін ліст напісалі, потым другі ліст, потым выйшлі адзін раз да адміністрацыі без прэсы, потым другі раз з прэсай. Мы прасілі вырашыць сваё пытанне ў рамках дамовы. Мы маем права на голас. Ну і даслоўна сёння даведаліся пра зніжэнне. Травень яны пакінулі без змен. Праз курс нейкая мінімальная змена была. На летні перыяд, на тры месяцы прынятая пастанова на 50% знізіць арэнду».

Спачатку адміністрацыя адмаўлялася пайсці на саступкі, спасылаючыся на тое, што для гэтага няма эканамічнага абгрунтавання:

«Маўляў, у краіне карантыну няма, чаму вам дрэнна? Межы зачыненыя, значыць вам павінна быць добра: у краіне людзей больш, выязных менш, значыць, купляюць больш».

Арандатар разважае, што адміністрацыя магла спалохацца сыходу прадпрымальнікаў на іншыя гандлёвыя пляцоўкі:

«Я думаю, вялікую ролю адыграла тое, што пайшлі прапановы ад рынкаў забраць нас цалкам пад сваё крыло. З'явіліся пустыя гандлёвыя пляцоўкі з больш выгаднымі прапановамі. Але гэта толькі мая здагадка. Не магу сказаць, што паслужыла прычынай».

Наш суразмоўца рады зменам, але недавер да рашэння адміністрацыі застаецца:

«У любым выпадку гэта плюс. У любым выпадку мы чагосьці дамагліся. Але на словах многае могуць казаць, пакуль што ніхто нічога не падпісаў. Я, напрыклад, асабіста не падпісваў дамову пра зніжэнне. Я гэтага не бачыў афіцыйна. Але адміністратары на вы пачалі размаўляць, ветліва. Адміністрацыя ў нас наогул вельмі складаная».

Каб праверыць, ці сапраўды арандатарам знізяць арэнду на 50%, Belsat.eu патэлефанаваў у выставачны цэнтр «Аквабел», адміністрацыі якога падпарадкоўваецца ГЦ «Экспабел». Але каментарый там даваць адмовіліся:

«Мы не даем каментароў. На жаль, гэта камерцыйная таямніца адносін паміж арандатарам і кампаніяй».

Тым часам прадпрымальнік уважае, што гэта правільны крок з боку адміністрацыі:

«Справа ў тым, што больш выгадна зачыніцца і з'ехаць. Таму і запытвалі максімальныя патрабаванні, каб застацца на рынку, каб існаваў рынак. Гэта ж перш за ўсё ў іх інтарэсах, а не ў нашых. У іх жа ўвесь ГЦ заснаваны на наведвальнасці. Калі нас не будзе, то і наведвальнасці не будзе».

Апошнія навіны