Оперная зорка самаізалявалася ў аграгарадку, дзе за тыдзень пабіты гадавы рэкорд па пнеўманіям
- 13.05.2020, 21:51
Маргарыта Ляўчук назвала Страдзеч «найлепшым» месцам для самаізаляцыі.
За мінулы тыдзень з аграгарадка Страдзеч на шпіталізацыю ў Берасце адправілі 35 чалавек. Ва ўсіх захварэлых узялі пробы на каранавірус, піша tut.by.
З пачатку распаўсюджвання віруса па краіне ў немаленькай па мерках аграгарадкоў Страдзечы з паўтары тысячамі жыхароў было ўсяго два пацверджаныя выпадкі COVID-19. Аднак у траўні раптам - рэзкі рост пнеўманій.
Пераважная колькасць захварэлых на пнеўманію - прадстаўнікі пратэстанцкай абшчыны. Што справакавала выбліск, сказаць складана. Мясцовыя называюць дзве прычыны.
Першая - вяселле, якое пратэстанты адсвяткавалі ў канцы красавіка ў Берасці. Паводле розных ацэнак, на ім прысутнічала блізу 50 чалавек.
Другая - службы, на якія збіраліся вернікі яшчэ нядаўна, да закрыцця дома малітвы.
Эпідсітуацыя вымусіла самаізалявацца ў бацькоўскай хаце (добра - катэджы) на малой радзіме і галоўнай страдзечскай знакамітасці - Бабы Рыты - альтэр-эга вядомай беларускай опернай спявачкі, ураджэнкі Страдзечы Маргарыты Ляўчук.
Жыве яна на ўскраіне аграгарадка. З раніцы да вечара Баба Рыта занятая на сваім прысядзібным участку, а ў вольны час «пілуе» сторыз у інстаграм пра сельскае жыццё і аграфітнэс. У сваіх роліках пад песню «Ты агрэгат, Дуся» яна мацуе цягліцы ног аўтапрычэпам, займаецца кардыё на ржавым ровары без кола, падымае драўляную штангу з двума каністрамі і размінае біцэпсы кошыкам з бульбай.
У свой 30-ы дзень нараджэння Маргарыта хацела зладзіць вялікую вечарыну ў Менску, але планы праз эпідэмію давялося памяняць. Оперная дзіва сабрала рэчы і 16 красавіка прыехала святкаваць свой юбілей у Страдзеч.
На дзень нараджэння бацькі падарылі Маргарыце паўкабана.
Маргарыта і Баба Рыта ў Страдзечы жывуць без малога месяц. Колькі яшчэ тут прабудуць - ніводная, ні другая не ведаюць. Пакуль арыентыровачна да кастрычніка.
Маргарыта прызнаецца, што для самаізаляцыі Страдзеч - найлепшае месца:
- Вось я нядаўна залезла да тата на рукі. Сяджу і кажу: «Тат, я зараз павінна быць у Манака, а сяджу ў цябе на руках. І сядзець у цябе на руках лепш за ўсялякія Манакі разам узятыя».