Медыкі назвалі самы небяспечны сімптом COVID-19 у маладых пацыентаў
- 24.05.2020, 19:55
Часта гэта адзіная прыкмета каранавіруса ў бессімптомных і маласімптомных пацыентаў.
У маладых пацыентаў сімптомам каранавіруснай інфекцыі COVID-19 можа быць інсульт. Падкрэсліваючы небяспеку гэтай прыкметы, медыкі называюць яго «першым і апошнім», піша сайт newsyou.info.
На небяспечны сімптом каранавіруснай інфекцыі ў маладых пацыентаў паказала прафесарка Школы сістэмнай біялогіі Універсітэта Джорджа Мэйсона Анча Баранава. Яна распавяла, што ў ЗША за час ўспышкі каранавіруса сярод людзей маладзейшых за 40 гадоў у сем разоў вырас узровень сардэчна-судзінных паталогій. Было ўстаноўлена, што COVID-19 спрыяе ў многіх падвышанай згусальнасці крыві (гіперкаагуляцыі).
Гэтае наступства каранавіруснай інфекцыі асабліва небяспечнае для маладых пацыентаў, падкрэсліла Баранава. Для іх гэта пагражае інсультам, прычым калі іх захворванне было незаўважным, ён можа стаць «першай і апошняй» яго прыкметай.
«Гіперкаагуляцыя часта адзіная прыкмета COVID-19 у бессімптомных і маласімптомных пацыентаў» - распавяла навукоўка.
Даследаванні паказваюць, што каранавірус здольны паражаць буйныя артэрыі. Акрамя інсульту яго вынікам таксама могуць стаць сардэчная недастатковасць, інфаркт.