BE RU EN

«Муж другі тыдзень ходзіць на працу і заражае навакольных»

  • 17.06.2020, 21:06

Беларусу з відавочнымі прыкметамі СOVID-19 адмовілі ў абследаванні.

У рэдакцыю Медыя-Палесся звярнулася жыхарка г. Іванова Ірына (прозвішча для рэдакцыі). Муж Ірыны працуе на прадпрыемстве. Разам з ім у адным кабінеце знаходзіцца яшчэ 4 чалавекі, у якіх пацвердзіўся каранавірус.

- У траіх калегаў, якія працуюць з мужам у адным кабінеце, пацвердзіўся каранавірус. Яны знаходзяцца ў бальніцы, ім тэсты зрабілі. Яшчэ ў адной калегі дыягназ пакуль не пацвердзіўся, але яе муж ужо хварэе. Пры гэтым мужа не ізалююць.

- Тыдзень таму, у панядзелак 8 чэрвеня, мой муж перастаў адчуваць пахі і смак прадуктаў. Ён адразу ж пайшоў у Іванаўскую паліклініку. Ні тэстаў, ні абследаванняў не зрабілі. Бо тэмпературы ў яго не было, яму сказалі, што ён здаровы і адправілі на працу. У аўторак, 16 чэрвеня, муж зноў пайшоў да лекара. Тэрапеўт яму сказаў: «У вас няма ні тэмпературы, ні пнеўманіі. Перахварэюць усе, таму тэсты мы рабіць не будзем. Тэсты робяць кантактам першага ўзроўню, калі хворыя з'яўляюцца сямейнікамі. Факт захворвання калегі з аднаго кабінета не з'яўляецца падставай для правядзення тэсту». Тэрапеўт адправіла мужа на агульны аналіз крыві.

Ірына перажывае, у іх сям'і падрастаюць маленькія дзеці - 1,5 гады і 6 гадоў.

- Балазе ўмовы ў доме дазваляюць, і муж жыве ў асобным пакоі. Пры гэтым муж другі тыдзень ходзіць на працу і заражае навакольных.

Карэспандэнт патэлефанавала на «гарачую лінію» ў кабінет інфекцыйных захворванняў УАЗ «Іванаўская ЦРБ» па нумары 8 01652 9-49-11. Спецыялістка расказала, што кантактам першага ўзроўню прызнаюцца людзі, якія мелі цесны кантакт з пацыентам або хворым каранавіруснай інфекцыяй. Цесны кантакт - пражыванне ці праца ў адным памяшканні. Кантакты першага ўзроўню вызначаюцца цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі і перадаюцца ў бальніцу для далейшага абследавання.

- У кабінет інфекцыйных захворванняў звяртаюцца пацыенты з сімптомамі і хворыя. За імі усталёўваецца медыцынскае назіранне, іх вызваляюць ад працы. Такія пацыенты назіраюцца або стацыянарна, або амбулаторна. Калі санстанцыя вызначае кола кантактаў першага ўзроўню, да іх выязджае кантактная група і абследуе людзей на хаце.

- Звярнуцца да нас можна і самастойна, прыйшоўшы на прыём. Мы нікому не адмаўляем у абследаванні. У гэтым канкрэтным выпадку няхай мужчына прыходзіць на прыём, будзем з ім размаўляць.

Апошнія навіны