Студэнтка медуніверсітэта, якая галадае: Жыццё Ігара Лосіка павінна быць захаванае
- 21.01.2021, 16:39
Пратэст палітвязня запусціў ланцуговую рэакцыю.
Студэнтка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Маргарыта Трафімовіч, якая абвясціла галадоўку на знак салідарнасці з сям'ёй палітвязня блогера Ігара Лосіка, пракаментавала сайту naviny.by сваю пастанову.
«Я прытрымліваюся галадоўкі толькі з той мэтай, каб Ігар спыніў яе, - заявіла Трафімовіч. - Я мяркую, што ягонае жыццё павінна быць захаванае, і бачу свой учынак адзіным крокам, які магу са свайго боку здзейсніць».
Студэнтка галадае з 19 студзеня і, з яе слоў, адчувае сябе добра. Яна адзначыла, што як будучы лекар «уважае здароўе і жыццё за найвышэйшую каштоўнасць і вельмі хоча, каб у сям'і Лосік быў бацька і муж».
Раніцай 20 студзеня тэлеграм-канал «Рупар БДМУ» паведаміў, што ў знак салідарнасці з Лосік абвясцілі галадоўку дзве дзяўчыны медуніверсітэта Маргарыта Трафімовіч і Элеанора Арзуманян.
Канал прывёў словы Арзуманян пра тое, што яна будзе галадаць «столькі часу, наколькі выстарчыць сіл». «Я перакананая, што ён (Ігар Лосік. - БелаПАН) здзяйсняе памылку, і бачу толькі адзін спосаб уздзеяння на ягоную пастанову - далучыцца да галадоўкі», - напісала дзяўчына.
У гэты ж дзень стала вядома, што два святары Беларускай праваслаўнай царквы падалі ў галоўную следчую ўправу цэнтральнага апарата Следчага камітэта хадайніцтвы аб асабістай паруцы ў дачыненні да Лосіка. Гэтую інфармацыю БелаПАН пацвердзіў адвакат блогера Дзмітрый Лепрэтар.
Святары матывавалі свой крок спробай дапамагчы Лосіку захаваць жыццё.
Стваральнік тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу» Ігар Лосік галадае ў жодзінскай турме ўжо 38-ы дзень. Са слоў адваката, апошнім часам стан ягонага здароўя пагоршыўся - зняволены адчувае слабасць, артэрыяльны ціск цягам дня нестабільны. Са слоў адваката, нягледзячы на дрэннае самаадчуванне, Лосік заяўляе, што «будзе галадаць далей».
Блогер знаходзіцца пад вартай з 25 чэрвеня 2020 года і прызнаны палітвязнем. Яго абвінавачваюць на падставе ч.1 арт.342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). 15 снежня стала вядома, што Лосікц выстаўленае новае абвінавачанне - на падставе арт.13 і ч.2 арт.293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).
Лосік віну не прызнае і адрэагаваў на новае абвінавачванне бестэрміновай галадоўкай да зняцця ўсіх абвінавачванняў ці змены яму меры стрымання. Разам з ім у той жа дзень пра бестэрміновую галадоўку абвясціла ягоная жонка, аднак 21 снежня паведаміла, што праз ціск на сям'ю вымушаная галадоўку спыніць.
25 снежня стала вядома, што Лосіку прадоўжылі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы.