Ці дабяруцца антыковідныя рэйды да чыноўнікаў?
- 13.10.2021, 21:49
Галоўныя ковід-ідыёты - у кабінетах беларускай улады.
У Беларусі апошнія дні сталі больш сур'ёзна ставіцца да захавання антыковідных абмежаванняў. Так у менскім метро з 13 кастрычніка пачаліся рэйды, піша «Салiдарнасць».
Супрацоўнікі падземкі выяўляюць тых, хто не выконвае абавязковы маскавы рэжым, уведзены з 9 кастрычніка. Як паведамляе метрапалітэн, такім пасажырам «настойліва прапануюць няўхільнага выконваць маскавы рэжым».
Паведамляецца, што «рэйды (у тым ліку і раптоўныя) будуць праводзіцца па ўсіх трох лініях метро».
Пакуль пасажыраў не штрафуюць, але намесніца міністра юстыцыі Наталля Філіпава расказала, што грамадзян могуць прыцягваць паводле арт.17.5 КоАП, дзе прадугледжаная адказнасць за парушэнне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, у тым ліку санітарных норм і правілаў.
Фізічных асоб могуць штрафаваць да 30 базавых адзінак (870 рублёў).
Таксама стала вядома, што ў Бярозаўскім раёне за невыкананне антыковідных мер прыпынілі працу некалькіх прадпрыемстваў.
Як паведаміў БЕЛТА галоўны лекар раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзіслаў Стойка, кажа, між іншым, пра ЗАТ «Бяроза-Лада» і ААТ «Бярозаўскае аўтатранспартнае прадпрыемства». Дзейнасць арганізацый будзе адноўлена пасля ліквідацыі ўсіх выяўленых хібаў.
Прэтэнзіі спецыялістаў, са словах галоўнага санітарнага лекара раёна, тыповыя:
- Перш за ўсё мы звяртаем увагу на якасць прыборкі памяшканняў, прымяненне сродкаў дэзінфекцыі і ахоўных масак, захаванне сацыяльнай дыстанцыі. Не апошнюю ролю ў эпідэміялагічным дабрабыце калектыву адыгрывае вакцынацыя работнікаў.
Аднак высокапастаўленыя чыноўнікі працягваюць паводзіць сябе як ні ў чым не бывала. 12 кастрычніка на нарадзе аб абмеркаванні пытанняў удасканалення сістэмы адукацыі сядзелі без масак і захавання сацыяльнай дыстанцыі.