Расейскія СМІ абняславіліся на спробе пакпіць з трэнера малдоўскага «Шэрыфа»
- 2.10.2021, 20:54
Вядомы ўкраінскі спецыяліст не разгубіўся і ўдала адказаў.
Галоўны трэнер малдоўскага «Шэрыфа» ўкраінец Юрый Вярнідуб стаў аб'ектам кепікаў з боку расейскага выдання «Спорт-Экспресс». Журналісты паспрабавалі «падкусіць» яго з нагоды прозвішчы, пацікавіўшыся ў настаўніка, калі ён верне дуб, піша sprotyv.info.
У адказ вядомы ўкраінскі спецыяліст не разгубіўся і ўдала адказаў, парэкамендаваўшы работнікам прэсы пачытаць дзіцячую казку «Кацігарошак».
«Там ёсць усе прозвішчы: і Вярнігара, і Вярнідуб ды іншыя. Гэта ўсё казачныя героі. І я ганаруся сваім прозвішчам. У мяне казацкі род», - заявіў Юрый.
Журналіст не супакоіўся і зноў удакладніў наконт вяртання дуба, пасля чаго Вярнідуб заявіў, што не мерыцца гэтага рабіць, і «ён будзе стаяць вечна».
«Бо я маю дваіх сыноў і дваіх унукаў. Гэты род будзе ўсё жыццё. Я ганаруся гэтым», - сказаў украінец.
Публікуючы тэкставы варыянт інтэрв'ю, аўтары спачатку назвалі вядомую ўкраінскую казку, як «Кот і гарошак».
Адзначым, што этымалогія прозвішчы Вярнідуб азначае, што яе носьбіт можа «вывернуць» дуб, то бок вырваць яго з коранем, але ніяк не «вярнуць».
55-гадовы Вярнідуб узначаліў «Шэрыф» у 2020 годзе. Ва ўсіх турнірах правёў 37 матчаў, дзе здабыў 30 перамог і пацярпеў 2 паразы. Розніца забітых і прапушчаных галоў склала 120:19.
Самай сэнсацыйнай перамогай у кар'еры ўраджэнца Жытоміра стаў нядаўні поспех у Лізе чэмпіёнаў. У 2-м туры «Шэрыф» у Мадрыдзе падолеў «Рэал».