BE RU EN

У чым дзіўныя парадоксы ў аповедах Лукашэнкі ды карнікаў наконт страляніны на вуліцы Якубоўскага

  • 2.10.2021, 21:05

Прадстаўнікі ўладных структур выступілі з заявамі, якія гучаць ці не дысанансам адна адной.

28 верасня ў страляніне ў кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Менску загінуў тутэйшы жыхар і супрацоўнік спецпадраздзялення КДБ. Наступныя заявы афіцыйных асоб адзначыліся тым, што выглядалі даволі па-рознаму.

«Салідарнасць» прасачыла тлумачэнне прычын прыбыцця карнікаў да дзвярэй кватэры.

Вечар 28 верасня, заява КДБ:

- У часе правядзення спецыяльных акцый адпрацоўвання адрасоў, у якіх маглі знаходзіцца асобы, «што маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», у адной з кватэр жылога дома па супрацоўніках праваахоўных органаў «асабліва небяспечным злачынцам» з стрэльбы быў пачаты прыцэльны агонь, у выніку чаго супрацоўнік камітэта дзяржаўнай бяспекі быў смяротна паранены.

Раніца 29 верасня, заява Генпракуратуры:

- Выяўлена, што гэты грамадзянін абгрунтавана падазраваўся ва ўчыненні «асабліва небяспечных злачынстваў, звязаных з тэрарызмам». Супрацоўнікі КДБ са сведкамі на падставе пастановы аб правядзенні ператрусу, санкцыянаванага намеснікам генеральнага пракурора, прыехалі да жылля падазраванага.

Вечар 29 верасня, заява прэсавай сакратаркі верхавода Наталлі Эйсмант:

- Паводле інфармацыі, якой валодалі МУС і Камітэт дзяржаўнай бяспекі, у кватэры, куды прыйшлі байцы спецпадраздзялення, жыў чалавек, які мае дачыненне «да падрыхтоўкі тэракту на тэрыторыі Беларусі».

...Такім чынам, на момант выступу Лукашэнкі аб гэтай трагедыі, у выніку якой загінулі два чалавекі, вымалёўвалася прыкладна наступная карціна: карнікі прыйшлі ў кватэру на Якубоўскага зусім не выпадкова, яны прыехалі з мэтай затрымання «асабліва небяспечнага злачынцы». У версіі Генпракуратуры - супрацоўнікі мелі таксама «пастанову на ператрус, а побач былі сведкі».

Таму цалкам лагічна, што ў СМІ паўсталі пытанні: раз усё было так сур'ёзна, чаму супрацоўнікі «Альфы» ўварваліся ў кватэру без бронекамізэлек і шаломаў?

На нарадзе 1 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў гэта растлумачыць. Але атрымалася так, што сваімі словамі ён зблытаў усе карты.

1 кастрычніка, з паведамлення прэс-службы верхавода:

«Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што ў той дзень супрацоўнікі карнага блока не праводзілі нейкую сур'ёзную спецыяльную аперацыю.

- Хлопцы адпрацоўвалі велізарны абшар паводле аперацыйнай інфармацыі, атрыманай раней, наконт прыналежнасці асобных людзей да спробы тэрарызму... Падчас работы (групы карнікаў) з дзяжурнай часткі паведамілі, маўляў, там, дзе вы працуеце, затэлефанавалі з кватэры, просяць дапамогі, нешта там здарылася... выбіваем дзверы, людзі заходзяць, каб дапамагчы, нягоднікам дапамагчы, якія затэлефанавалі з гэтай кватэры...»

... З паведамленняў КДБ і Эйсмант вынікае, што карнікі мелі ведаць, што накіроўваюцца да «асабліва небяспечнага злачынцы», Генпракуратура заявіла, што была і пастанова пра ператрус, былі і сведкі. Але са слоў Лукашэнкі супрацоўнікі КДБ прыйшлі на Якубоўскага досыць выпадкова, і наогул, гэта не была «нейкая сур'ёзная аперацыя».

Пра што могуць сведчыць розныя тлумачэнні прыходу карнікаў на вуліцу Якубоўскага? Напрыклад, пра вялікія пытанні наконт законнасці іхніх дзеянняў.

Магчыма, таму Лукашэнка заявіў, што не варта рабіць паспешлівых высноў аб падзеях 28 верасня: «Трэба супакоіцца і перастаць пісаць на гэтую тэму. Асабліва даваць нейкія ацэнкі».

Апошнія навіны