У Telegram 70 млн новых карыстальнікаў на фоне збою Facebook
- 5.10.2021, 21:23
Штодзённыя тэмпы росту аўдыторыі Telegram на парадак перавысілі норму.
Мэсэнджар Telegram зарэгістраваў больш за 70 млн новых карыстальнікаў на фоне маштабнага збою сацыяльнай сеткі Facebook і яе сэрвісаў. Пра гэта паведаміў у сваім Telegram-канале заснавальнік мэсэнджара Павел Дураў у аўторак, 5 кастрычніка.
«Штодзённыя тэмпы росту Telegram на парадак перавысілі норму, і за адзін дзень мы прынялі больш за 70 млн перабежчыкаў з іншых платформаў», - напісаў ён.
Дураў адзначыў, што Telegram працягваў працаваць для большасці карыстальнікаў мэсэнджара. Пры гэтым некаторыя карыстальнікі ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы маглі сутыкнуцца з больш нізкай хуткасцю, чым звычайна, бо мільёны людзей з гэтых кантынентаў адначасова пачалі рэгістравацца ў Telegram.
Нагадаем, 4 кастрычніка збой у працы Facebook стаў найбуйнейшым у гісторыі. Доступ да сацыяльных сетак і сэрвісаў кампаніі быў закрыты сем гадзін.