Расейскі рынак упаў на фоне пагрозы санкцый
- 13.12.2021, 20:47
Размахванне ваеннай дубінай каштавала расейскім кампаніям $32 млрд капіталізацыі.
Перажыўшы ў лістападзе наймацнейшае з пачатку пандэміі падзенне, расейскі рынак акцый не здолеў намацаць «дно», паведамляе finanz.ru.
Тры тыдні спробаў адскоку скончыліся новым распродажам, які ахапіў паперы ад «блакітных фішак» да «другога эшалону» і апусціў фондавыя індэксы да мінімумаў за паўгода.
На гандлі ў панядзелак індэкс МасБіржы, які ўключае акцыі 43 найбуйнейшых расейскіх кампаній, упаў на 3,67%, да найгоршага значэння з канца траўня – 3618 пунктаў.
Індэкс РГС упаў яшчэ на 4%, а з лістапада, калі паведамленні пра расейскія танкі каля Данбаса запоўнілі заходнія СМІ, страчвае ўжо 26%. Чатыры месяцы росту рынку, або 32 млрд даляраў у пераліку на капіталізацыю, распродаж спаліў за пяць тыдняў.
«Вінаватая выключна палітыка, яна кіруе эканомікай, – кажа галоўны аналітык “Алор Брокер” Аляксей Антонаў. – Падзенне… звязанае з асцярогай абвастрэння знешнепалітычных канфліктаў, напрыклад з Украінай, плюс да гэтага дадаецца магчымасць з'яўлення новых антырасейскіх санкцый, якія могуць ударыць па банкаўскай сістэме».
На фоне пагрозаў адключыць Расею ад SWIFT і абмежаваць канвертаванне рубля, якія прагучалі з Вашынгтона пасля саміту Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна, акцыі дзяржбанкаў узначальваюць гонку ўніз. Ашчадбанк патаннеў на 5% у панядзелак і 27% з пачатку кастрычніка Акцыі ЗГБ перажылі наймацнейшае за паўгода падзенне – на 5,02% – і перапісалі мінімумы з красавіка.
Акцыі «Газпрама» ўпалі на 4,4% пасля заявы кіраўніцы МЗС Нямеччыны Аналены Бербок пра неадпаведнасць «Паўночнага струменю – 2» нормам Еўразвязу і немагчымасці яго ўхвалення ў цяперашнім выглядзе.
Паперы «Раснафты» страцілі 4,31%, «Северсталі» – 6,81%, «Рассетак» – 5,28%, «Акрона» – больш за 10%.
Змяненне геапалітычнага становішча застаецца «ключавым чыннікам для расейскіх актываў», канстатуе Алена Кажухова, аналітык «Вялес Капіталу».
Хоць ЗША адмовіліся ад санкцый супраць расейскіх алігархаў і Nord Stream 2 у праекце абароннага бюджэту, разрадкі ў стасунках не адбылося: расейскія войскі застаюцца каля Данбаса, а расейскае МЗС шчодра сыпле пагрозамі ажно да ядзернай вайны.
Калі NATO і ЗША не адрэагуюць на патрабаванне Расеі пра гарантыі бяспекі, якія заключаюцца ў тым, каб падпісаць дакумент аб непрыняцці ў NATO Украіны і іншых краінаў на ўсходнім флангу, «адбудзецца ваенны адказ» і «новы віток канфрантацыі», заявіў у панядзелак РІА Навіны намеснік кіраўніка МЗС РФ Сяргей Рабкоў.
Дзень таму Рабкоў прыгразіў ЗША паўторам «Карыбскага крызісу», калі свет вісеў на валасінцы ад абмену ўдарамі паміж найбуйнейшымі ядзернымі дзяржавамі.
І хоць існуе меркаванне, што размахванне ваеннай дубінай з'яўляецца толькі перамоўнай тактыкай Крамля, шантаж часам можа зайсці занадта далёка. «Расея цяпер знаходзіцца ў такім узбуджаным стане што да ваенных канфліктаў, што адно няўмелае дзеянне або правакацыя на мяжы могуць каштаваць рынку многіх мільярдаў капіталізацыі, і лагічна сыходзіць у ахоўныя актывы, якімі банкі і дзяржкампаніі ні ў якім разе не з'яўляюцца», – кажа Антонаў.
Тое, як падае рынак, наводзіць на думку, што расейскія паперы прадае хтосьці вельмі буйны, адзначае прэзідэнт ІГ «Маскоўскія партнёры» Яўген Коган.
Не выключана, што на рынак з продажамі прыйшлі глабальныя інвестары – пра гэта сведчыць той факт, што дынаміка зніжэння ўзмацнілася ў прамежку з 14-15 гадзіны паводле маскоўскага часу, паказвае галоўны аналітык ІЧ «Рус-Інвест» Раман Бліноў.
Сустрэча Байдэна з Пуціным, відаць, не змагла развязаць нявызначанасць, а геапалітычны фон застаецца негатыўным, канстатуе Коган.
Кансерватыўныя настроі інвестараў могуць прадоўжыць прыціскаць расейскі рынак акцый і цягам заўтрашняга дня – у напрамку зоны 3500–3600 пунктаў паводле індэкса МасБіржы, прагназуе галоўны аналітык ПСБ Ягор Жыльнікаў.
«Аднак рынак ужо выглядае моцна праселым», прадаўжае ён, і ў выпадку адсутнасці новай порцыі санкцыйнага негатыву можна чакаць нясмелых набыткаў з ростам да 3700 пунктаў.
«Продажы акцый расейскіх эмітэнтаў яшчэ не спыніліся, – упэўнены Бліноў. – Як мінімум да пастановы ФРС ЗША паводле ключавой стаўкі ў сераду ўвечары, казаць, што расейскі рынак акцый будзе ісці за ростам на Уол-Стрыт, не выпадае». Следам за акцыямі аслабець можа і рубель, мяркуе Коган: калі прадаюць нерэзідэнты, то набываць валюту яны, хутчэй за ўсё, будуць не імгненна, таму не выключана, што «рэакцыя рубля на ўсю гэтую гісторыю можа быць адкладзенай на дзень-другі».