Пуцін дазволіў паліцыі не прадстаўляцца і свабодна ўваходзіць у кватэры расейцаў
- 21.12.2021, 18:47
Каб увайсці ў жыллё, паліцыянтам будзе дастаткова ўказання трэцяй асобе, што чалавек мог учыніць злачынства.
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у аўторак, 21 снежня, падпісаў рэзанансны закон аб істотным пашырэнні паўнамоцтваў працаўнікоў сілавых структур, паведамляе finanz.ru.
Дакумент, унесены ўрадам у траўні 2020 года, быў зацверджаны Дзяржаўнай Думай 8 снежня, а праз тыдзень атрымаў «візу» Савета Федэрацыі і ўвойдзе ў дзеянне з дня афіцыйнага апублікавання.
Згодна з законам, з гэтага часу з паліцыянтаў здымаецца абавязак прадстаўляцца грамадзянам, калі тыя ўчыняюць правапарушэнне. Прадставіцца супрацоўнік МУС павінен будзе толькі пасля таго, як гэтае правапарушэнне спынілася.
Акрамя таго, пашыраюцца паўнамоцтвы паліцыянтаў у пранікненні ў жылыя памяшканні. Раней сілавікі маглі рабіць гэта, калі патрабавалася затрымаць «асоб, якія падазраюцца ва ўчыненні злачынства». У новай рэдакцыі закон дазваляе пранікаць у дамы людзей без працэсуальнага статусу. Для гэтага будзе дастаткова ўказання пацярпелых або відавочцаў, калі яны лічаць, што той ці іншы чалавек мог учыніць злачынства.
Закон таксама дае права паліцыянтам праводзіць ускрыццё транспартных сродкаў, калі гэта неабходна «для выратавання жыцця грамадзян або прадухілення злачынства, а таксама для забеспячэння бяспекі пры масавых беспарадках і надзвычайных сітуацыях».
Прысутнасць уладальніка пры гэтым не абавязковая - дастаткова апавясціць яго на працягу 24 гадзін. Пры гэтым супрацоўнік паліцыі не нясе адказнасці за шкоду, прычыненую пры ускрыцці, калі яна ажыццяўлялася на законных падставах.
Акрамя таго, паліцыя атрымлівае права ачапляць або блакіраваць тэрыторыі, жылыя дамы, будынкі і іншыя аб'екты. У межах ачаплення паліцыянты атрымліваюць права праводзіць «асабісты агляд грамадзян, якія пры іх знаходзяцца рэчы, прадметы, механізмы, рэчывы», а таксама аглядаць транспартныя сродкі.
Першапачатковая версія праекта, зацверджаная Думай у мінулым годзе, таксама радыкальна пашырала паўнамоцтвы паліцыянтаў у працы з агнястрэльнай зброяй. Цяпер закон дазваляе ўжываць яе пры затрыманні, калі асоба, што пераследуецца спрабуе дакрануцца да зброі праваахоўніка. Гэтую норму планавалі зрабіць шырэйшай: страляць можна, калі грамадзянін «чыніць іншыя дзеянні, якія даюць падставы расцаніць іх як пагрозу нападу на супрацоўніка паліцыі».
Але ў выніку гэты пункт было вырашана выключыць. «Законапраект выклікаў вялікую цікавасць грамадскасці», – казаў у лістападзе намеснік старшыні камітэта Думы бяспекі і супрацьдзеяння карупцыі Эрнэст Валееў.
Тым не менш, паводле закону, супрацоўнік паліцыі можа страляць і ў бяззбройных. Для гэтага дастаткова, каб у чалавека быў «прадмет, канструктыўна падобны» ці «вонкава неадрозны ад сапраўднай зброі», а яго дзеянні былі расцэнены як «супраціў і напад». Законапраект распрацаваны для «ўзмацнення гарантый абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян», гаворыцца ў тлумачальнай запісцы.
«Яго палажэнні заснаваныя на выніках аналізу правапрымяняльнай практыкі ў сферы заканадаўчага забеспячэння дзейнасці паліцыі, падчас якога ўдалося выявіць шэраг праблем, якія перашкаджаюць паліцыі эфектыўна выконваць свае абавязкі па абароне грамадзян і грамадства ад злачынных замахаў», - падкрэсліваецца ў дакуменце.