BE RU EN

Краіны ЕЗ прынялі бюджэт Фонду аднаўлення

  • 13.02.2021, 20:39

Для Польшчы прадугледжана блізу 60 мільярдаў еўраў, што з'яўляецца трэцім вынікам у ЕЗ, пасля Італіі і Гішпаніі.

Прадстаўнікі краін Еўрапейскага Звязу падпісалі дакумент, у якім прапісаныя правілы аб выплаце грашовых сродкаў з «Фонду аднаўлення», закліканага дапамагчы ў пераадоленні эканамічнага крызісу, выкліканага пандэміяй каранавіруса. Сума усяго фонду складае 750 мільярдаў еўрў для ўсяго ЕЗ, Польшча з'яўляецца адным з найбуйнейшых бенефіцыяраў, паведамляе «Польскае радыё».

Для Польшчы прадугледжана блізу 60 мільярдаў еўраў, што з'яўляецца трэцім вынікам у ЕЗ, пасля Італіі і Гішпаніі; з іх 23 мільярды еўраў - гэта беззваротныя гранты, дадаткова амаль 5 мільярдаў еўраў - гэта гарантыі, а 32 мільярды еўраў - гэта пазыкі пад нізкі адсотак.

Чакаецца, што «Фонд аднаўлення» падтрымае эканоміку ЕЗ пасля крызісу, выкліканага пандэміяй каранавіруса. Канчатковае зацвярджэнне і падпісанне законаў аб выплатах з фонду старшыні Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен назвала гістарычным момантам.

«Мы змагаемся з пандэміяй і сур'ёзным крызісам у галіне аховы здароўя, дзе наша надзея - гэта вакцыны, але мы таксама павінны змагацца з эканамічным крызісам і ў гэтай барацьбе «Фонд аднаўлення» - наш супольнік і надзея», - падкрэсліла кіраўніца Еўракамісіі.

Стварэнне «Фонду аднаўлення» стала магчымым, дзякуючы таму, што было дасягнута пагадненне аб тым, каб Еўразвяз пазычыў грошы на рынках пад гарантыі краін-чальцоў ЕЗ. Але для таго, каб грошы былі выплачаныя, дзяржавы ЕЗ павінны ратыфікаваць пастанову аб уласных рэсурсах.

Гэтая працэдура павінна быць завершаная ў першым квартале гэтага года, каб, як было ўстаноўлена, з сярэдзіны года пачаліся выплаты. Яны будуць ажыццяўляцца на аснове праграм, дасланых краінамі ЕЗ у Еўракамісію. 19 дзяржаў ужо даслалі ў Брусэль папярэднія планы, Польшчы пакуль што ў гэтай групе няма.

Апошнія навіны