Кейс алігарха Вараб'я: Як санкцыі рыкашэтам б'юць па атачэнні таракана
- 21.02.2021, 13:06
Лукашысцкі бізнэсмэн стаў у вачах украінскага СНБА слабым звяном.
Беларускія ўлады атрымалі значную перамогу над заходнімі нядобразычліўцамі і здаровым сэнсам. Яны падпісалі з Расеяй пагадненне пра перавалку ў гэтым годзе 3,5 мільёнаў тонаў бензіну і мазуту праз расейскія парты, замест порта Клайпеды. І цяпер будуць, напэўна, расказваць, як Літва з працягнутай рукой пойдзе па свеце ў выніку беларускіх асіметрычных санкцый, піша тэлеграм-канал «Лісты да дачкі».
На самай справе, вядома, нікуды не пойдзе. Беларускія грузы забяспечваюць 30 адсоткаў прыбыткаў Клайпедскага порта. Але падаткі ад Клайпедскага порта – гэта 5 адсоткаў бюджэту Літвы. А прыбыткі ад беларускага транзіту – даюць паўадсотка паступленняў у літоўскі бюджэт. Нават калі забраць у Літвы ўсе беларускія грузы, яна гэта як-небудзь перажыве. А канкрэтна праз падпісанае ўчора пагадненне Вільня страціць прыкладна 20 мільёнаў еўраў. Так што ўводзіць менш санкцый яны праз гэта дакладна не стануць.
Зрэшты, беларускі бюджэт з лішнімі выдаткамі 30 мільёнаў даляраў, якія яму давядзецца несці праз перанакіраванне грузаў, таксама як-небудзь справіцца. Вунь банкі ў студзені 626 мільёнаў страцілі на аблігацыях Мінфіна – і нічога, жывуць. Сатурацыя панізілася да перадкрытычнага ўзроўню, але ж жывыя пакуль. Хоць у сітуацыі, калі ўсім светам даводзіцца збіраць грошы на заробак супрацоўнікам БМЗ, трыццаць мільёнаў былі б, вядома, не лішнімі.
Днямі Рада бяспекі Украіны пастанавіла адабраць нафтапрадуктаправод у беларускага Нафтабітумнага завода. Завод гэты належыць Мікалаю Вараб’ю, які трапіў пад санкцыі Еўразвязу. У снежні Нацбанк Украіны адмовіў яму ў набыцці ўкраінскага банка праз гэтыя санкцыі, цяпер адбіраюць нафтапрадуктаправод.
Вядома, на самай справе гэта ўнутраная ўкраінская гісторыя. Проста адміністрацыя Зяленскага пастанавіла прыціснуць кума Пуціна Віктара Медзведчука і ўвесь звязаны з ім бізнэс. Але беларускі бізнэсмэн у гэтых разборках стаў слабым звяном якраз праз еўрапейскія санкцыі. Таму што, апынуўшыся пад санкцыямі, ён не можа эфектыўна лабіраваць свае інтарэсы, а беларускія ўлады дапамагчы яму таксама не ў стане. Яны і сябе цяпер не могуць абараніць, не тое што чый-небудзь бізнэс.
Вось для любога беларускага бізнэсу, ублытанага ў супрацоўніцтва з уладамі, любога беларускага прадпрыемства ўскосны ўплыў санкцый значна больш балючы, чым іхні прамы эфект. Таму што партнёры адмаўляюцца ад кантрактаў, банкі не даюць новых крэдытаў і ціснуць, каб ім хутчэй вярнулі старыя. Таму што гісторыя з нафтапрадуктаправодам – гэта такі сігнал, што з беларускім бізнэсам і беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі можна ўжо не цырымоніцца. І, калі некаму раптам захочацца адшчыкнуць кавалачак, дык можна не сумнявацца, што ён скарыстаецца момантам.
Вось у беларускім тэлевізары любілі пасмяяцца з «глыбокай заклапочанасці» ўсялякіх Еўразвязаў. А цяпер атрымліваецца, што выказваць «глыбокія заклапочанасці» давядзецца беларускаму МЗСу. Ну, на самай справе: а што ім яшчэ рабіць? Падаваць пазовы ў Еўрапейскі суд правоў чалавека?