Навукоўцы давялі перавагу нашэння акуляраў ва ўмовах распаўсюджвання COVID-19
- 21.02.2021, 16:36
У чым сакрэт?
Акуляры перашкаджаюць распаўсюду каранавіруса. Пра гэта ў нядзелю, 21 лютага, піша The Sunday Telegraph са спасылкай на даследаванне навукоўцаў, пішуць «Известия».
Спецыялісты з Індыі апыталі 304 пацыентаў з COVID-19 і выявілі, што 19% рэспандэнтаў носяць акуляры вялікую частку часу. Правёўшы параўнанне, навукоўцы высветлілі, што тыя, хто носіць акуляры па 8 гадзін на дзень, радзей заражаюцца каранавірусам. Экспэрты прыйшлі да высновы, што людзі, якія носяць акуляры, больш абароненыя ад каранавіруса, таму што менш кранаюць рукамі вочы.
«Чалавек мае звычку дакранацца да твару агулам 23 разы на гадзіну, за той жа прамежак часу ён датыкаецца да вачэй блізу трох разоў. Акуляры зніжаюць частату такіх кантактаў», - адзначылі навукоўцы ў даследаванні.
Яны таксама давялі, што такі аксэсуар можа быць нейкім ахоўным фактарам, які перашкаджае заражэнню COVID-19 праз слізістую.