Вар'яцкі пуцінізм і трубная спакуса Еўропы
- 21.03.2021, 10:12
Мэсэджы Крамля ўбогія і старыя.
Акупацыя Крыма і Севастопаля ўжо даўно не выклікае ў асноўнай масы расейцаў ніякага пазітыву, а толькі сарказм і злую іронію. У чарговую гадавіну крымскага злачынства лядашчы і пагарджаны правадыр сагнаў сваіх прыгонных паслухаць пафасную прамову пра «вялікую Расею», «любоў да радзімы», «расейцаў з каранямі, якія бяруць пачатак у каменным веку». Але стомлены народ слухаў непераканальнага бездапаможнага чалавека, неахвотна апранутага ў вадалазку, куртку і джынсы, і думаў, вось добра, хоць адгул дадуць за ўдзел у гэтай паказузе, піша тэлеграм-канал «Сіта Сакрата».
Сапраўды, з прычыны пандэміі мітынгі апазіцыі на адкрытым паветры ў турме народаў забароненыя, а вось сагнаць 80000 тысячаў бюджэтнікаў на стадыён «Лужнікі» – гэта прыкмета «клопату» пра народ. Колькі будзе інфекавання і смерці суграмадзянаў пасля гэтага шчыльнага івэнту, нікчэмнага забойцу не хвалюе. Галоўнае, каб быў размах, бо дзеля пабудовы расейскага аналагу Паўночнай Карэі любыя ахвяры прымальныя. Траву будзем(це) есці для велічы ў «новых геапалітычных умовах», дзеля, як выказаўся Пуцін пра Крым, – «маленькай кропкі» на карце велізарнай Расеі.
Мэсэджы Пуціна ўбогія і старыя: мы вядзем барацьбу за аднаўленне гістарычнай справядлівасці; у Крыме знойдзеная магіла неандэртальца з расейскім пашпартам; полчышчы замежных ворагаў паўсюль; «Мы – вялікія» і іншая капітанская відавочнасць і дэлірый, якія набілі аскому нават тролям з ГРУ і ФСБ.
Аднак іх бянтэжаць істотныя збоі ў памяці вярхоўнага скрэпаносца. Ён ужо нават у малых тэкстах блытаецца, і замест Херсанеса, паводле Фрэйда, загаварыў пра Херсон. Але тут таксама трэба быць асцярожнымі, бо, можа, Пуцін выдаў свой план захопу новых украінскіх тэрыторый? Асабліва гэта насцярожвае ў кантэксце новай порцыі пагрозаў усім краінам-суседкам, якіх «абнуленец» называе «квазідзяржаўнымі ўтварэннямі». Ім, маўляў, перадалі расейскія каласальныя прасторы ў выглядзе «шчодрых падарункаў». Падобная фармулёўка прымусіла насцярожыцца не толькі 14 былых савецкіх рэспублік, але і Польшчу, Фінляндыю, прызадумаліся нават у Анкары, Тэгеране, Улан-Батары, Токіа і Пекіне... А калі зайсці яшчэ далей, то, можа, хутка пуціністы і пра Аляску загавораць? І ўсё пачалося з «маленькай крымскай кропкі».
Расея ідзе вельмі небяспечным шляхам ірэдэнтызму праз адсутнасць у краіны іншай цэментоўнай ідэалогіі, яна будзе толькі бурыць усё вакол сябе. Але пры гэтым расейскія спецслужбы, прапаганда і дыпламатыя хочуць закалыхваць ключавыя краіны Еўропы, такія, як Францыя, Італія і Нямеччына. У выпадку з Берлінам Масква хоча пераканаць нямецкую канцлерку Ангелу Меркель у тым, што вельмі важна закончыць дабудаванне газавага праекту «Паўночны струмень – 2». Для гэтага неабходна дамагацца рэвізіі або поўнага скасавання санкцый, асабліва ціснуць на Вашынгтон.
Расейцы хочуць прывязаць свае геапалітычныя болі да ўяўнага клопату пра еўрапейскую эканоміку і экалогію, запусціўшы свайго «траянскага каня». Сярод іншага робяцца спробы ўвязаць зняцце санкцый з славутага расейскага газаправода, чытай за акупацыю Крыма, у абмен на абяцанні абараніць і пашырыць нямецкія інвестыцыі ў праекты «зялёнай энэргетыкі» ва Украіне. Напрыклад размова ідзе пра магутнасці ў вытворчасці вадароду, у тым ліку на Данбасе, а таксама вялікія інвестыцыі ў трансфармацыю ГТС Украіны пад транспартаванне і захоўванне вадароду.
Гэтыя разумныя ініцыятывы ва Украіне катэгарычна нельга ўвязваць з нарошчваннем залежнасці ад «Газпрама», што будзе мець вельмі цяжкія наступствы для краінаў ЕЗ праз агрэсіўную і непрадказальную палітыку Крамля, які звыкся гуляць на энэргетычным шантажы. Еўрапейцам вельмі важна ўнікнуць расколу Захаду і трапляння ў расейскі капкан новай «Мюнхенскай змовы», тым больш беручы да ўвагі вар'яцкія і ваяўнічыя прамовы Пуціна пра краіны-суседак, і маштабныя дзеянні ў падрыве іх бяспекі.