BE RU EN

У Расеі грамадзянам забаранілі глядзець на Месяц у тэлескоп

  • 21.03.2021, 11:03

Пастанову прынялі пакуль толькі ў адным горадзе.

Выканаўца абавязкаў кіраўніка адміністрацыі горада Усць-Кут у Іркуцкай вобласці Яўген Какшараў адклікаў узгадненне на правядзенне 21 сакавіка назірання за Месяцам у рамках "Сусветнай ночы тратуарнай астраноміі 2021". Пра гэта карэспандэнту "Сибирь.Реалии" паведаміў Аляксей Тупіцын, дырэктар "Цэнтра грамадзянскага спрыяння", які выступіў суарганізатарам мерапрыемства. Ён удакладніў, што ў тэлефоннай размове кіраўнік горада спаслаўся на ціск мясцовага ФСБ.

Чыноўнік, як сцвярджаецца, даслаў Тупіцыну галасавое паведамленне, у якім сказаў, што праводзіць мерапрыемства не трэба. Паводле словаў Тупіцына, у тэлефоннай размове Какшараў растлумачыў адмову ціскам з боку мясцовага ФСБ і страхам, што на мерапрыемстве будуць раздавацца "агітацыйныя" матэрыялы. Фармальная прычына адмовы ў правядзенні масавага мерапрыемства – тое, што заяўка была пададзеная менш, чым за 10 дзён.

Паводле словаў Тупіцына, ён патэлефанаваў намесніку кіраўніка гарадскога аддзела ФСБ Івану Саніну, які заявіў, што ўстанова не мае дачынення да забароны мерапрыемства. Ён таксама дадаў, што ва ўстанове на ўзгадненне дасылаюць усе матэрыялы публічных акцыяў.

Назіранні за Месяцам у рамках "Сусветнай ночы тратуарнай астраноміі 2021" планаваліся ў 14 населеных пунктах Іркуцкай вобласці. Арганізатары Іркуцкі планетарый і Іркуцкае рэгіянальнае астранамічнае таварыства. Ва Усць-Куце, дзе няма грамадскага тэлескопа, "Цэнтр грамадзянскага спрыяння" планаваў на вылучанай пляцоўцы ўсталяваць два ўласныя тэлескопы, адзін з якіх быў набыты спецыяльна пад гэты праект.

Заяўка была пададзеная за пяць дзён на стандартным бланку, да яе былі прыкладзеныя копіі дазволаў на акцыю з іншых гарадоў, дзе яе не скасоўвалі.

Выданне "Усць-Кут 24" выказала меркаванне, што падставай для забароны стала тое, што арганізатарам акцыі ва Усць-Куце стаў "Цэнтр грамадзянскага спрыяння", які займаецца ў тым ліку і асветніцкай дзейнасцю і мае рэпутацыю апазіцыйнага. "Мяркуючы з усяго, чэкісты асцерагаюцца, што замест Месяца ў тэлескоп грамадскія дзеячы стануць паказваць жыхарам Усць-Кута чырвоную катоўную зону пад Уладзімірам, куды павезлі Аляксея Навальнага" – з іроніяй піша выданне.

Тупіцын плануе напісаць зварот у абласное ФСБ. "Задаць пытанні: Што гэта было? Навошта вы ўмешваецца? Чаго вы баіцеся? Мультфільм Нязнайка на Месяцы такі, нават не Оруэл ужо, – сказаў ён. – Праз нейкі час у падручнікі ўвойдзе, што быў у Расеі такі рэжым, які забараняў усё, нават на неба глядзець".

Апошнія навіны