BE RU EN

Былы спецпрадстаўнік ЗША ва Украіне назваў дзве ўмовы перамогі Кіева над Масквой

  • 21.03.2021, 16:52

Поспех Украіны аўтаматычна вядзе да пройгрышу дзейнага ў Расеі палітычнага рэжыму.

Курт Волкер, былы спецпрадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША ў пытаннях Украіны, у інтэрв'ю часопісу «Новы час» распавёў пра тое, што павінен зрабіць афіцыйны Кіеў для развязання канфлікту на Данбасе.

Волкер заявіў, што ў гэтым кантэксце важна памятаць пра дзве рэчы.

Першае - Украіна пераможа, калі зможа стаць устойлівай дэмакратыяй - правядзе рэформы, зробіць сваю эканоміку па-сапраўднаму рынкавай, дасягне вяршэнства права, пераадолее ўплыў карупцыі.

«Гэта шлях паспяховай Украіны. І гэта тое, чаму Пуцін так імкнецца перашкодзіць - уварваннем ва Украіну, захопам тэрыторый, інтэрвенцыямі ва ўкраінскую палітыку, усімі спосабамі замінаючы Украіне адбыцца, - нагадаў Курт Волкер, - Бо поспех Украіны аўтаматычна вядзе да пройгрышу дзейнага ў Расеі палітычнага рэжыму. Перамовы з Расеяй - не самамэта, ваша мэта павінна быць стратэгічнай і доўгай».

Па-другое, падкрэсліў былы дыпламат, перамовы магчымыя толькі тады, калі палітычная канфігурацыя і палітычны ціск ствараюць для іх умовы, калі перамовы неабходныя абодвум удзельнікам і яны шукаюць развязанне праблемы.

«Мы бачым, што цяпер Пуціну не патрэбныя ні перамовы, ні развязанне праблемы Данбаса. Ён будзе прадаўжаць вайну, бо яна не каштуе яму так ужо дорага. Што павінны зрабіць усе мы, Украіна, ЗША, Нямеччына, Вялікая Брытанія, Францыя, - гэта зрабіць для Пуціна відавочным, што ён ніколі не дасягне поспеху ва Украіне і што цана прадаўжэння гэтай вайны для Расеі занадта высокая», - прапаноўвае Волкер. На ягоную думку, гэтага можна дасягнуць «праз механізм санкцый, дыпламатычных стасункаў і ў форме інфармавання, дазваляючы людзям у Расеі ўбачыць, што іх жаўнеры ва Украіне забіваюць украінцаў».

Апошнія навіны