BE RU EN

Беларуская эканоміка ўваходзіць у сістэмны крызіс

  • 21.03.2021, 17:12

Людзі бяднеюць, памяншаецца рынак працы, скарачаецца спажыванне.

Шэраг прадпрыемстваў у Беларусі вымушана скарачае працоўны тыдзень, на іншых зніжаюцца заробкі. Гэтыя працэсы кажуць пра тое, што наша краіна ўваходзіць у сістэмны крызіс. Такое меркаванне ў размове з «Белсатам» выказваюць эканамісты.

Telegram-каналы паведамляюць, што на Жабінкаўскім цукровым заводзе патрабуюць падпісаць дакумент, згодна з якім скарачаецца працоўны тыдзень, а адпаведна, памяншаецца і заробак. Работнікі таксама пішуць аб скарачэнні заробкаў на шэрагу прадпрыемстваў у многіх гарадах краіны. Усё гэта адбываецца на фоне значнага скарачэння попыту.

«З пачаткам пандэміі каранавіруса ва ўсім свеце назіраўся значны спад спажывання. І гэта было ва ўсіх сферах эканомікі. І вось толькі цяпер гэтая хваля дайшла да нас. Раней Савет Міністраў рапартаваў аб велізарным росце ВУП, аб тым, што наша эканоміка, нягледзячы на скарачэнне ва ўсім свеце, паказвае станоўчую дынаміку. Але гэтая хваля не магла не дайсці да нас і цяпер закранула нашу краіну, хоць і са спазненнем. Атрымліваецца, што шматмільярдныя ўліванні, якія дзяржава рабіла ў дзяржаўныя прадпрыемствы, не выратавалі сітуацыі. І цяпер людзі менш спажываюць, што адбіваецца на прадпрыемствах. Гэта натуральны працэс», - адзначыў у размове з журналістамі Вадзім Іёсуб, старэйшы аналітык кампаніі «Альпары Еўразія».

Але прычына эканамічных праблем на дзяржаўных прадпрыемствах не толькі ў пандэміі каранавіруса.

«Сёння мы ў сітуацыі, калі прадпрыемствы знаходзяцца ў вельмі дрэнным фінансавым стане. У іх не стае нават абаротных сродкаў. Калі раней кіраўнікі прадпрыемстваў прыходзілі ў банк і маглі атрымаць крэдыт, то цяпер праз палітычны фактар сітуацыя змянілася. Мы бачым, што Нацбанк праводзіць даволі нестандартную манетарную палітыку, заціскае ліквіднасць. Галоўная мэта - не дапусціць інфляцыі і дэвальвацыі.

У выніку банкі не могуць атрымаць сродкі ад Нацбанку і не могуць выдаць іх дзяржпрадпрыемствам, якія прывыклі існаваць на гэтых танных дзяржаўных рэсурсах. Таму цяпер шмат хто скарачае працоўны тыдзень, прастойвае і гэтак далей», - адзначае акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.

Развязаць праблемы ў эканоміцы ўлады імкнуцца толькі дзякуючы манетарнай палітыцы Нацыянальнага банка. Але гэтага недастаткова, бо карані праблем - у плоскасці палітыкі, а не толькі ў эканоміцы.

«Частка насельніцтва страціла давер да банкаўскай сістэме і забрала свае дэпазіты. Пры гэтым існуе дэвальвацыйны ціск, недавер да рубля. І Нацбанк імкнецца не дапусціць дэвальвацыі, бо гэта для нашых дзяржаўных прадпрыемстваў стане забойствам. Многія пазыкі ў іх у валюце, адпаведна, абслугоўванне гэтых пазык стане вельмі цяжкім. Таму тут пытанне, што мы не можам дазволіць сабе таго, што могуць дазволіць іншыя дзяржавы.

Акрамя таго, у нас няма захадаў, якія б развязалі палітычны крызіс. Без выхаду з гэтага крызісу немагчыма нармалізаваць сітуацыю», - дадае акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.

Крызіс у эканоміцы праяўляецца ўсё мацней: людзі бяднеюць, памяншаецца рынак працы, скарачаецца спажыванне. Паводле ўзроўню сярэдніх заробкаў у свеце, Беларусь заняла 101-е месца са 160 краін у рэйтынгу Міжнароднай арганізацыі працы.

«Адна з самых важных прычын пагаршэння сітуацыі ў эканоміцы - памяншэнне датацый з суседняй Расеі. У 2015 годзе датацыі склалі блізу 5 мільярдаў даляраў ЗША. Да 2020 года яны скарачаліся і практычна зніклі. Другая прычына - з 2011 года па сённяшні дзень валавыя замежныя пазыкі краіны выраслі на 13 мільярдаў. Аддаваць няма чым, таму ўвесь час перапазычалі, каб вярнуць ранейшыя пазыкі. І трэцяя важная прычына - скарачэнне інвестыцый у асноўныя фонды. За 10 гадоў яны скараціліся на 20-30%. Мы доўга жылі не па сродках», - распавёў эканаміст Леанід Злотнікаў.

Са слоў экспэрта, у Беларусі мы цяпер назіраем моцны сістэмны крызіс:

«Упершыню страты самых буйных прадпрыемстваў Беларусі перавысілі чысты прыбытак прадпрыемстваў. Але ўлады перакідваюць нейкія сродкі на падтрыманне, даюць ім крэдыты пад нізкі адсотак. І такое мы назіраем цягам апошніх чатырох гадоў. Бюджэт раней жа быў прафіцытны, а вось сёлета ўпершыню стаў дэфіцытным. І аддаваць пазыкі няма чым, пачынаецца перацягванне коўдры. А ў выніку раскручваецца інфляцыя. Мінфін, урад нешта спрабуе рабіць. Але адпаведных захадаў пакуль няма.

Ратуюць дзяржсектар, але такімі захадамі нічога не здолеюць зрабіць. Прадпрыемствы нараджаюць страты, павялічваюць іх. Але змяняць трэба сітуацыю ў эканоміцы, а не ў грашовай сістэме».

Апошнія навіны