BE RU EN

Нямецкая партыя Звяз 90/Зялёныя можа перашкодзіць старту газаправода Nord Stream 2

  • 21.03.2021, 19:51

Звяз 90/Зялёныя можа атрымаць на выбарах у Бундэстаг 21% галасоў.

Агенцтва друку Bloomberg піша, што не санкцыі ЕЗ могуць прадухіліць старт нямецка-расейскага газаправода Nord Stream 2, а нямецкая партыя Звяз 90/Зялёныя (Bündnis 90/Die Grünen). Сустаршыня партыі Анналена Баербок падкрэсліла, што Nord Stream 2 «стварае вялікія геапалітычныя праблемы і супярэчыць еўрапейскім кліматычным мэтам».

Звяз 90/Зялёныя ўключыў у сваю палітычную праграму план адмовы ад Nord Stream 2, бо гэта «не толькі палітычны праект праз яго наступствы для кліматычнай і энэргетычнай палітыкі, але і таму, што ён прычыняе шкоду на геапалітычным узроўні, асабліва ўлічваючы сітуацыю ва Украіне».

У цяперашнім урадзе Нямеччыны на чале з канцлеркай Ангелай Мэркель мяркуюць, што выгада ад праекту пераважвае магчымыя рызыкі. Але Мэркель неўзабаве сыдзе з палітычнай сцэны, а Bloomberg адзначае, што ейная партыя Хрысціянска-Дэмакратычная Унія паказала дрэнныя вынікі на двух федэральных выбарах. Так, у зямлі Бадэн-Вюртэмбэрг перамог Звяз 90/Зялёныя.

Паводле апытання інстытута Forsa, праведзенага на гэтым тыдні, Звяз 90/Зялёныя можа атрымаць на выбарах у Бундэстаг 21% галасоў і заняць другое месца пасля Хрысціянска-дэмакратычнай Уніі, якую падтрымлівае 29% рэспандэнтаў.

Чарговыя парламенцкія выбары ў Нямеччыне будуць праведзеныя не раней за 29 жніўня і не пазней за 24 кастрычніка 2021 года. На іх будуць абраныя чальцы 20-га склікання Бундэстагу (федэральнага парламента), якімі далей будзе абраны новы канцлер краіны. Гэта будуць першыя выбары, пачынаючы з 2005 года, на якіх Хрысціянска-Дэмакратычную Унію не будзе ўзначальваць Ангела Мэркель.

Супраць будаўніцтва расейска-нямецкага газаправода Nord Stream 2 выступаюць Польшча, Украіна, краіны Балтыі ды ЗША. Крытыкі Nord Stream 2 зазначаюць, што гэты праект узмоцніць залежнасць ЕЗ ад расейскага газу і павялічыць уплыў Крамля на еўрапейскую палітыку.

Паводле звестак Bloomberg газаправод ужо пракладзены прыкладна на 95% і мае быць гатовы пад канец трэцяга квартала гэтага года.

У чацвер дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што кожнае прадпрыемства, якое ўдзельнічае ў будаўніцтве газаправода Nord Stream 2, падпадзе пад санкцыі ЗША.

Апошнія навіны