Расея праваліла план пошуку нафты ў Арктыцы
- 21.05.2021, 17:41
Геолагавыведвальныя працы не дасягнулі мэтаў па 20 стратэгічных і дэфіцытных карысных выкапнях.
План пошуку нафты ў арктычнай зоне Расеі, закладзены ў дзяржпраграму «Узнаўленне і выкарыстанне прыродных рэсурсаў», у 2020 годзе быў правалены. Пра гэта паведамляе Падліковая палата РФ у справаздачы аб выніках ацэнкі кіравання дзяржаўным фондам нетраў, піша finanz.ru.
Праграма, на якую з бюджэту было выдзелена 87 млрд расейскіх рублёў, не дасягнула мэтавых паказчыкаў у 20 з 58 карысных выкапняў, у тым ліку аднесеных да класа стратэгічных.
У іх ліку - «нафта і кандэнсат у арктычнай зоне Расейскай Федэрацыі» ў катэгорыі запасаў C1, гаворыцца ў дакуменце, размешчаным на сайце ПП.
Вынікі геолагавыведкі на паліўныя карысныя выкапні - ключавая крыніца экспартных даходаў для расейскай эканомікі - пагаршаюцца: калі ў 2018 годзе планавыя паказчыкі не былі дасягнутыя ў 12 з 42 тыпаў ТПІ, то летась правалілася палова мэтаў (19 з 38).
Сярод прыродных рэсурсаў, запасы якіх не папаўняюцца новымі адкрыццямі ў адпаведнасці з закладзеным дзяржавай планам, - 13 стратэгічных тыпаў мінеральнай сыравіны, 5 - дэфіцытных і тры - якія належаць да абедзвюх катэгорый, адзначае ПП. У 2020 годзе, акрамя нафты, не быў выкананы план у пошуку золата, алмазаў, сурмы, урану, хромавых руд, свінцу, вальфраму, а таксама асаблівага чыстага кварцу.
Сярод іншага адбіліся пераацэнка ўніз запасаў, ужо пастаўленых на дзяржаўны баланс, і змены кан'юнктуры сусветных сыравінных рынкаў, у тым ліку зніжэнне коштаў сыравіны, праз што цікавасць нетракарыстальнікаў да інвестыцый і правядзення выведвальных работ знізілася, піша ПП.
Паводле звестак Мінэнэрга, на пачатак года Расея мела ў запасах 36 млрд барэляў нафты, з якіх толькі 36% рэнтабельныя пры існых цэнах.
Гэта звязанае з пагаршэннем умоў асваення і падзеннем якасці запасаў, пісаў у студзені намеснік міністра энэргетыкі Павел Сарокін.
Старыя, яшчэ савецкія радовішчы высільваюцца, адбываецца абвадненне, калі ў пласты запампоўваюцца значныя аб'ёмы вадкасці, а паднятая на паверхню сумесь змяшчае толькі тонкую плёнку нафты і на 80-90% складаецца з вады, хімікатаў і бруду.
Якасць узнаўлення рэсурснай базы, са слоў Сарокіна, таксама пагаршаецца: пераважная большасць новых радовішчаў належаць да катэгорыі дробных і вельмі дробных.
За выключэннем адзінкавых адкрыццяў на шэльфе і Паяхскім радовішчы сярэдні памер пастаўленых на дзяржаўны баланс пакладаў у 2015-19 гадах склаў 9-14 млн тон. Гэта ў 60-40 разоў менш, чым Расея штодня выкачвае з нетраў.
На ацэнку Мінпрыроды, рэнтабельных запасаў у Расеі засталося на 19 гадоў здабычы.