BE RU EN

Урады 21 краіны падпісалі зварот у абарону беларускіх журналістаў

  • 29.05.2021, 21:50

Глабальная кааліцыя свабоды СМІ выказалася пра захоп самалёта Ryanair.

Дзяржавы, якія ўваходзяць у склад Глабальнай кааліцыі свабодв СМІ, выпусцілі ў суботу супольную заяву, асудзіўшы прымусовую пасадку ў Беларусі самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair і арышт журналіста Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце лайнера. Адпаведная заява была апублікаваная на сайце Дзярждэпартамента ЗША, паведамляе «Голас Амерыкі».

Аўтары заявы назвалі гэтыя «беспрэцэдэнтныя і шакавальныя дзеянні» непрыхаванай атакай на свабоду прэсы, што нясе сур'ёзную пагрозу свабодзе выказвання меркаванняў у больш шырокім сэнсе.

«Гэтая акцыя выклікае яшчэ большую трывогу, калі разглядаць яе ў кантэксце шырокамаштабнай кампаніі здушэння незалежных галасоў у Беларусі, у тым ліку рэйд, які прайшоў 18 траўня ў офісе незалежнага навінавага сайта tut.by і наступны арышт некалькіх яго супрацоўнікаў», - гаворыцца ў заяве.

Агулам, паводле інфармацыі кааліцыі, блізу 400 журналістаў сутыкнуліся ў Беларусі з рознымі формамі рэпрэсій падчас выбараў 9 жніўня і наступных падзей.

Глабальная кааліцыя свабодв СМІ патрабуе «неадкладнага і безумоўнага вызвалення Пратасевіча, а таксама іншых журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, затрыманых у Беларусі за выкананне сваёй працы. Вінаватыя павінны панесці адказнасць за напады на журналістаў і работнікаў СМІ».

Кіраўнікі МЗС Вялікабрытаніі і Канады, Джэрэмі Хант і Хрыста Фрыланд, абвясцілі аб стварэнні Глабальнай кааліцыі свабоды СМІ ў жніўні 2019 года. Цяпер у склад кааліцыі ўваходзяць Аўстрыя, Балгарыя, Канада, Кіпр, Чэшская Рэспубліка, Эстонія, Фінляндыя, Нямеччына, Грэцыя, Ісландыя, Латвія, Люксембург, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Паўночная Македонія, Славакія, Славенія, Швайцарыя, Украіна, Вялікабрытанія і Злучаныя Штаты Амерыкі.

Апошнія навіны