BE RU EN

Сцяпан Латыпаў апрытомнеў

  • 1.06.2021, 20:52

Палітвязень парэзаў сабе горла падчас судзілішча.

Стан абаронцы мурала з «дыджэямі Пераменаў» Сцяпана Латыпава, які парэзаў сабе горла падчас судовага паседжання, стабільны.

Як паведамляе Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале, 41-гадовы пацыент, які прычыніў сабе цялесныя пашкоджанні ў зале суда, паступіў «паводле экстранных паказанняў» у 15:30 у хірургічнае аддзяленне Менскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі.

«Пры паступленні былі выкананыя ўсе неабходныя медыцынскія мерапрыемствы, была праведзеная апрацоўка раны. На гэты момант стан пацыента стабільны, сітуацый, што пагражаюць жыццю, няма. Пацыент апрытомнеў пасля наркозу», – адзначаецца ў паведамленні.

Інцыдэнт здарыўся 1 чэрвеня прыкладна ў 14:40 у судзе Савецкага раёна Менска, дзе пачаўся разгляд крымінальнай справы Латыпава.

Пасля таго як ягоны бацька Сяргей Латыпаў даў паказанні ў якасці сведкі, Сцяпан заявіў, што да яго прыходзілі з ГУБАЗ і папярэдзілі: калі ён не пагодзіцца з абвінавачваннем, то праблемы будуць не толькі ў яго, але і ва ўсёй сям'і. «Бацька, рыхтуйся», – сказаў Сцяпан Латыпаў, потым стаў на лаву ў клетцы, дастаў востры прадмет і ўсадзіў яго сабе ў горла. Ён страціў прытомнасць і ўпаў.

У палітвязня, дастаўленага сёння ў суд, была гематома пад правым вокам, левая рука перавязаная вышэй за пясце. Сваёй віны ён не прызнаў.

Апошнія навіны