Эстонія накіруе ў Літву дадатковую дапамогу для патрулявання мяжы з Беларуссю
- 22.06.2021, 21:31
Літва паведамляе пра рост нелегальнай міграцыі праз Беларусь.
Урад Эстоніі плануе накіраваць у Літву памежнікаў і абсталяванне для дапамогі ў патруляванні мяжы краіны з Беларуссю. Афіцэры будуць накіраваныя ў Літву ў складзе місіі памежнай службы ЕЗ Frontex.
Пра гэта паведамляе эстонская грамадская вяшчальная кампанія ERR News.
«Еўрапейскае агенцтва памежнай і берагавой аховы сапраўды звярнулася да дзяржаў-сябраў, у тым ліку і да Эстоніі, з просьбай прыцягнуць дадатковую падтрымку ў ахове літоўскай мяжы. Была запытаная падтрымка ў выглядзе дадатковых службовых асоб і абсталявання, якія, між іншым, Эстонія прапаноўвае Літве», - заявіла прадстаўніца памежнай службы Эстоніі Хелен Нейдар-Веерме.
Літва паведамляе пра рост нелегальнай міграцыі праз Беларусь, а афіцыйныя асобы Вільні сцвярджаюць, што менскі рэжым датычны да палягчэння перасячэння мяжы ў якасці спосабу ціску на Літву.