BE RU EN

Буйное сховішча нафты апынулася ў зоне лясных пажараў у Якуціі

  • 7.08.2021, 19:41

Агонь пагражае Сангарскай нафтабазе з запасамі на тысячы тон.

Буйное сховішча нафты апынулася ў зоне лясных пажараў, якія другі месяц шалеюць у Якуціі. У суботу агонь падышоў на адлегласць 2 кіламетры да Сангарскай нафтабазы ў Кабяйскім раёне, піша finanz.ru.

Пажар падступае да рэзервовага парку нафтасховішча, якое належыць «Саханафтагазсбыт», распавялі «Інтэрфаксу» у рэгіянальным МНС.

Са звестак Адзінай дыспетчарскай службы Кабяйскага раёна, найбліжэйшы край пажару падышоў на 1,5 кіламетра да базы, дзе ў рэзервуарах захоўваюцца тысячы тон вуглевадародаў. Сітуацыю ўскладняе моцны вецер з парывамі да 15 м/c.

На тушэнні «працуюць 80 чалавек, два трактары, чатыры пагрузчыкі, чатыры машыны АЦ (аўтацыстэрны) і шэсць вадавозаў», паведаміў кіраўнік Кабяйскага раёна Іван Левін.

«Чакаецца вылет самалёта Іл-76. Аднак гэта будзе залежаць ад варункаў надвор'я», - дадаў ён.

Са звестак Greenpeace Russia, агульная плошча, пройдзеная ляснымі пажарамі з 1 студзеня да 2 жніўня 2021, дасягнула 13,4 млн га, перавысіўшы тэрыторыю такіх дзяржаў, як напрыклад Паўднёвая Карэя ці Балгарыя (1 млн га і 1,1 млн га адпаведна).

2021 год стаў трэцім з пачатку стагоддзя агульнай плошчай, пройдзенай ляснымі пажарамі. «Гэта звязана як са зменамі клімату, калі пажаранебяспечны сезон становіцца ўсё больш доўгім, а засухі - усё больш частымі, доўгімі і інтэнсіўнымі, так і з заняпадам сістэмы дзяржаўнага кіравання лясамі, з дурным лясным заканадаўствам і цэлым комплексам хранічна неразвязаных праблем у галіне аховы лясоў», - патлумачыў кіраўнік ляснога аддзела расейскага Greenpeace Аляксей Ярашэнка.

Палова лясоў Расеі ад пажараў ахоўваецца ўмоўна ці не ахоўваецца ніяк; больш за 40% лясоў - гэта так званыя «зоны кантролю», дзе пажары паводле закону дазваляецца не тушыць, і яшчэ амаль 10% - лесу, які расце на землях сельгаспрызначэння або спрэчных землях, за захаванасць якіх ніхто не адказвае, тлумачыць Greenpeace.

Апошнія навіны