BE RU EN

Палітвязень, які ўцёк з «хіміі» за мяжу: Я проста скокнуў праз паркан

  • 7.08.2021, 22:23

Як Зміцер Кулакоў рыхтаваўся да ўцёкаў.

У снежні 2020 года Дзмітрыя Кулакова асудзілі на 3,5 гады «хіміі» за тое, што ён, нібыта, «абражаў і пагражаў гвалтам» супрацоўнікам міліцыі ў Telegram-чаце. Ён адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 49 у Шклове.

Днямі стала вядома, што палітвязень уцёк з «хіміі» за мяжу. У інтэрв'ю для тэлеграм-канала «Баста» Зміцер распавёў пра тое, як яму гэта ўдалося, каму нясуць грошы нелегалы за незаконнае перасячэнне мяжы, і як беларусам перамагчы хунту.

Гэта не першая спроба ўцёкаў палітвязня. У снежні ён ужо спрабаваў перасекчы мяжу, хаваючыся ад пераследу, але тады яго затрымалі беларускія памежнікі і адправілі адразу на «хімію».

Да новых уцёкаў Дзмітрый рыхтаваўся паўгода.

- На «хіміі» няма агароджанай тэрыторыі. Мы жылі на ўскраіне горада і я хадзіў на працу. Перыядычна міліцыя тэлефанавала начальству, правяраючы ці ўсе на месцы. Я ведаў, што неўзабаве ўсё адно траплю ў калонію, бо заўсёды ішоў супраць сістэмы і не збіраўся мірыцца з іх правіламі. Таму надумаў уцячы. Калі ўсё было гатова, я сказаў свайму брыгадзіру, што мне трэба памыць рукі перад абедам, а сам пераскочыў праз плот, дзе мяне ўжо чакалі.

Дзмітрый яшчэ доўга хаваўся на тэрыторыі Беларусі, пераязджаючы з гораду ў горад, перш чым апынуцца на мяжы.

Сам пераход доўжыўся ўсяго 35 хвілін.

- Пераход мяжы выглядаў як шпацыр па лесе. Мы чакалі хоць бы калючы дрот, нават кусачкі з сабой узялі, але нічога не было. За 35 хвілін мы дайшлі да літоўскай вёскі і не маглі паверыць, што мы ў Літве. Там мы сустрэліся з літоўскімі памежнікамі.

Для літоўцаў «няма месцаў» - гэта няма свабодных матрацаў, пры наяўнасці ложкаў, а для нас тое, што хлёркай заліваць не будуць, ужо добра.

- Літоўскія памежнікі паставіліся да нас з разуменнем і спачуваннем. Тыдзень мы правялі ў лагеры ўцекачоў. Там я пачуў ад тых самых нелегалаў, якіх перакідваюць з тэрыторыі Беларусі, што яны плацяць ад 1000$ «людзям у форме» за перасячэнне мяжы. У Беларусі яны жывуць у гатэлях, ім нават праводзяць экскурсіі. Потым іх садзяць у аўтобус і вязуць на мяжу.

Адмаўляйцеся, усялякім спосабам. Самае элементарнае - сысці ў адпачынак

- Мне вельмі шкада тых, хто сядзіць у турме. Мне «пашанцавала», я трапіў на «хімію», хоць мне прасілі 6 гадоў калоніі. Прыватны бізнэс думае, што яго ўсё гэта не закране, але гэта не так. Дойдзе і да іх. Не сёння, дык заўтра. Самае простае - гэта сысці ў адпачынак. Страйк - самы просты, дзейны, і бяскроўны метад супраціву. Не трэба карміць рэжым! Проста сыдзіце ў адпачынак і ўсё.

Апошнія навіны