Палітолаг: Міграцыйны крызіс на беларускай мяжы стварае патэнцыйныя рызыкі для Расеі
- 12.09.2021, 20:01
Ствараецца дадатковае напружанне ў рэгіёне.
Пуцін распавёў, што еўрапейскія лідары прасілі яго паўплываць на беларускія ўлады ў сувязі з міграцыйным крызісам, але ён рабіць гэта адмовіўся. Ці выгадная Расеі гэта сітуацыя на межах Беларусі з краінамі Еўразвязу?
«Думаю, не. Яна стварае дадатковае напружанне ў рэгіёне, а таксама патэнцыйныя рызыкі для Расеі: у ліку нелегальных мігрантаў могуць апынуцца людзі, якія наважаць пайсці з Беларусі не ў Еўропу, а ў Расею, а сярод іх могуць быць і тэрарысты», - падзяліўся з udf.by сваім меркаваннем палітолаг Андрэй Казакевіч.
На яго думку, Маскве міграцыйны крызіс нічога не дае.
«Стасункі беларускіх уладаў з Захадам і так былі дрэннымі без крызісу з нелегальнымі мігрантамі. А на эскалацыю стасункаў з Захадам Расея не гатовая, калі судзіць па дынаміцы апошняга паўгода», - сказаў Казакевіч.