У Польшчы плануюць спрасціць і паскорыць выдачу карт побыту замежнікам
- 13.09.2021, 22:34
Урад Польшчы плануе прыняць папраўкі ў закон аб іншаземцах.
Польскі ўрад плануе спрасціць і паскорыць працэдуру выдачы замежнікам карт побыту - гэта дазвол на часовае пражыванне і працу ў краіне. Як піша the-warsaw.com, урад плануе прыняць папраўкі ў закон аб іншаземцах у трэцім квартале 2021 года.
Мяркуецца прыняць наступныя папраўкі:
- каб атрымліваць дазвол на часовае пражыванне і працу, не трэба будзе мець гарантаванае месца жыхарства і рэгулярную крыніцу даходу. Аднак прэтэндэнт павінен атрымліваць не менш за мiнiмальны заробак, незалежна ад працоўнага часу;
- будзе ўведзены новы алгарытм змены карты побыту пры змене працы альбо ў выпадку страты неабходнасці мець дазвол на працу;
- пашырыцца спіс умоў, пры якіх не патрэбна будзе змена карты побыту;
- атрыманне дазволу на часовае пражыванне і працу замежнікамі будзе паскорана, калі гэтыя замежнікі працуюць у арганізацыях, якія маюць асаблівае стратэгічнае значэнне для польскай эканомікі.
Акрамя таго, плануюцца наступныя нормы:
- захаваецца 60-дзённы тэрмін для выдачы дазволу на часовае пражыванне ў першай інстанцыі. Час будзе адлічвацца з моманту ліквідацыі ўсіх фармальных недахопаў у заяве, калі пры гэтым іншаземец асабіста з’явіўся і падаў усе неаходныя дакументы;
- разгляд справы аб апеляцыі ў пытаннях выдачы дазволу на часовае пражыванне будзе адбывацца на працягу 90 дзён;
- органы, якія ўдзельнічаюць у выдачы карты побыту, змогуць абменьвацца інфармацыяй з дапамогай электронных сродкаў камунікацыі;
- пры выдачы карты побыту для работнікаў, чыя прафесія патрабуе высокай кваліфікацыі, сярэдні заробак будзе лічыцца за год, які папярэднічае падачы заявы, а не за год, які папярэднічае ўкладанню дамовы на выкананне работ;
- будуць упарадкаваны правілы выдачы карты побыту, калі іншаземец не падае заяву на дазвол асабіста;
- прыняцце рашэння аб выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне, цi на карту рэзідэнта ЕЗ будзе адбывацца на працягу 6 месяцаў. Тэрмін будзе адлічвацца з моманту ліквідацыі ўсіх фармальнасцяў пры ўмове, што прэтэндэнт з'явіўся асабіста і падаў усе неабходныя дакументы.
Плануецца таксама ўвесці часовы рэгламент для спрошчанай працэдуры выдачы дазволу на часовае пражыванне і працу паводле справаў, адкрытых да 1 студзеня 2021 года і не завершаных.