Эканамістка: Галоўны падатковы ўдар будзе нанесены па малым бізнэсе
- 13.01.2022, 17:35
Гэта прывядзе да негатыўных сацыяльных эфектаў.
Галоўны падатковы ўдар будзе нанесены менавіта па малым бізнэсе, дзе ў штаце адзін-два наёмныя работнікі і няма магчымасці маштабавацца. Асабліва гэта закране невялікія населеныя пункты. Пра гэта на сённяшнім брыфінгу, прысвечаным са змяненнямі, унесенымі ў Падатковы кодэкс, распавяла старшая навуковая супрацоўніца BEROC (Кіеў) Анастасія Лузгіна.
Галоўнымі навінамі ў Падатковым кодэксе, на думку экспэрткі Анастасіі Лузгіной, з'яўляюцца павелічэнне падаткаў для індывідуальных прадпрымальнікаў.
«У 2022 годзе амаль усе ІП, якія надаюць паслугі, страцілі магчымасць карыстацца «спрошчанай стаўкай», таксама ўдвая, утрая і больш разоў выраслі стаўкі адзінага падатку, а з 2023 годзе зусім плануецца скасаванне адзінага падатку для ІП». Улады стануць браць з іх падаходны падатак, стаўка якога ў 2022 годзе роўная 16%, а ў наступным ўзрасце да 18%, альбо прапануюць перайсці ў разрад «самазанятасці». У гэтым выпадку ІП пазбаўляюцца магчымасці наймаць людзей. Калі ж яны па-ранейшаму хочуць працаваць, прыцягваючы наёмную сілу, то тады неабходна ўжываць ССП і плаціць у 2022 годзе 6% з прыбітку, а не 5%», - распавяла пра галоўныя новаўвядзенні Анастасія Лузгіна.
У адказе на пытанне карэспандэнта газеты «Белорусы и рынок» пра тое, па якіх ІП павышэнне падаткаў ударыць мацней за ўсё, яна заявіла, што галоўны падатковы ўдар будзе нанесены менавіта па малым бізнэсе, дзе ў штаце адзін-два наёмныя работнікі і няма магчымасці маштабавацца. Асабліва гэта закране невялікія населеныя пункты, дзе той жа цырульні немагчыма вырасці ў аб'ёмах. Гэта прывядзе да росту коштаў паслуг і падзення попыту. Таму частка ІП разглядае варыянты закрыцця бізнэсу.
«У іх застаецца варыянт пераходу ў разрад «самазанятасці», якія з 2023 года будуць плаціць падатак 10%, які ўключае адлічэнні ў ФСАН. Гэты збор будзе называцца «падатак на прафесійную дзейнасць. Ён ужо ёсць у РФ, але крыху іншы, там стаўка не 10%, а 4 або 6%, але без унёскаў у ФСАН», — адзначыла экспэртка.
Важным, на думку супрацоўніцы BEROC, з'яўляецца і ўвядзенне новага падатку - на замежныя кампаніі, якія гандлююць у інтэрнэце. Адказваючы на пытанне, ці вырастуць кошты пасылак, яна заявіла, што пакуль адназначна казаць пра гэта нельга, бо кампаніі могуць перакладаць ПДВ на пакупнікоў, а могуць і не. «Наколькі кошты вырастуць, дакладна не вызначыць, магчыма, не на суму ПДВ (яна складае 20%, - заўв. «Белорусы и рынок»), але пакуль нельга сказаць канкрэтна, тым больш што ў спіс уваходзяць і расейскія кампаніі», - распавяла Анастасія Лузгіна.
Адказваючы на пытанне журналіста «Белорусы и рынок» пра запланаваны ўладамі рост збору падаткаў, яна распавяла аб настроях сярод ІП. «Наколькі планы ўладаў апраўдаюцца, сказаць складана. Гаворачы аб перспектывах, індывідуальныя прадпрымальнікі распавядалі аб тым, што ў 2022 годзе працягнуць працаваць, бо застаецца «спрошчаная схема» і адзіны падатак, хоць ён і ўзляцеў у разы, але ў далейшым частка з іх разглядаюць варыянты закрыцця бізнэсу», — распавяла яна.
На яе думку, малы бізнэс пацерпіць перш за ўсё ў малых гарадах, дзе можа скараціцца колькасць цырульняў, салонаў і маленькіх крамак. Гэта прывядзе да негатыўных сацыяльных эфектаў - колькасць інфраструктурных аб'ектаў скароціцца, упадзе ўзровень паслуг.
Сёння ў краіне 95% ІП працуюць паводле «спрошчанай», альбо плацяць адзіны падатак. Гэта амаль 300 тысяч чалавек без наёмных работнікаў. Газета «Белорусы и рынок» пацікавілася: ці ёсць варыянты закрыцця бізнэсаў або сыходу часткі з іх, хто не зможа працаваць з прыбыткам, плацячы падаткі, што ўзляцелі ў разы, у «шэрую» зону?
«Так, пра закрыццё і сыход у шэрую зону кажуць некаторыя ІП, асабліва «маленькія» бізнэсы разглядаюць такую магчымасць. Таму што для некаторых гэта дадатковы заробак, і ў новых варунках няма сэнсу займацца гэтай дзейнасцю легальна. Як дзяржава будзе кантраляваць гэты працэс – незразумела», - адказала Анастасія Лузгіна, дадаўшы, што частка ІП пяройдзе ў статус «самазанятасці», частка стане мікраарганізацыямі і агульная колькасць ІП скароціцца. Дакладна будуць змены структуры малога бізнэсу Беларусі ў 2023-м, але так як застаецца яшчэ нейкая магчымасць працаваць, то пакуль складана сказаць, як зменіцца суадносіны сёлета».
Распавядаючы пра ўплыў павышэння падаткаў на рост коштаў (акрамя росту падаткаў для ІП паднятыя стаўкі іншых падаткаў, выраслі акцызы, з'явіліся ПДВ для інтэрнэт-крам і падатак на першую кватэру), яна заявіла, што інфляцыя праз гэта можа вырасці сёлета. «Кошты некаторых пазіцый вырастуць, але значнага эфекту я не чакаю, хоць разлікі не праводзіла. Бо асноўная частка ІП, якая пацерпіць ад новаўвядзенняў у Падатковы кодэкс, выкарыстоўвае ССП, стаўка якой паднялася з 5 да 6%, так што сёлета гэта павышэнне не зробіць, на маю думку, істотнага ўплыву на інфляцыю. Хіба што кошты паслуг у малых гарадах вырастуць адчувальна», - сказала эканамістка.
«Тое, што заканадавец упарадкаваў і спрасціў градацыю падаткаабкладання для малога бізнэсу, гэта плюс. Як і тое, што для самазанятасці з наступнага года будзе распрацаваны дадатак, у якім яны змогуць, не займаючыся складанай бухгалтэрыяй, у пару клікаў заплаціць падаткі. Але не зусім зразумела, чаму менавіта для ІП зрабілі больш жорсткімі ўмовы. Можна было б зрабіць як у Расеі, калі сам ІП выбірае варыянт падаткаабкладання. Не трэба было абмяжоўваць іх - у нас з 2023-га не будзе іншага варыянту, як падаходны падатак 18%. На мой погляд, трэба было даць сотням тысяч людзей выбіраць паміж трыма варыянтамі: «спрошчаны», «самазанятымі» і ІП з падаходным. Гэта мяняе ландшафт вядзення малога бізнэсу ў Беларусі», - падвяла вынік брыфінгу Анастасія Лузгіна.