Аляксей Навальны павіншаваў расейцаў з Новым годам
- 2.01.2022, 20:33
Ён папрасіў жонку Юлію зрабіць навагодняе фота з дзецьмі і ўставіць у яго сваю выяву.
Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны, які знаходзіцца ў калоніі, павіншаваў з Новым годам сваіх падпісчыкаў. Допіс быў апублікаваны 31 снежня на старонцы палітыка ў «Фэйсбуку».
Ён напісаў, што сямейнае навагодняе фота - важная традыцыя, якая падкрэслівае сямейны фармат свята.
«Са з'яўленнем сацсетак сямейнае каляднае фота, зразумелая справа, стала нашай інстаграмнай традыцыяй. І я сам люблю разглядаць такія фота сем'яў сяброў і знаёмых - файна ж, заўважаеш, хто вырас, хто палысеў, а ў каго прыбаўленне ў сямействе», - адзначыў Навальны.
Ён папрасіў жонку Юлію зрабіць навагодняе фота з дзецьмі і ўставіць у яго сваю выяву, каб атрымаўся кадр «тыпу мы разам святкуем».
«Што атрымалася, я пакуль, на жаль, убачыць не магу, але ўпэўнены, што выйдзе добра і па-навагодняму. Я вас усіх віншую з выдатным святам. Будзьце бліжэй да тых, каго кахаеце. І яны няхай да вас будуць бліжэй, каб не трэба было ўклейваць», - падкрэсліў палітык.
Ён пажадаў усім заставацца аптымістамі.