Марыя Калеснікава - беларусам: Маё сэрца перапаўняе захапленне ўсімі вамі.
- 2.01.2022, 21:31
Цуды здараюцца, але самы галоўны цуд - гэта мы самі.
Віншаванне палітвязня Марыі Калеснікавай публікуе прэс-служба Віктара Бабарыкі.
«Нам выпала шмат выпрабаванняў, але мы маем скарб, які дапаможа нам справіцца з любымі цяжкасцямі і перашкодамі, — піша Марыя Калеснікава.
Мы ведаем, хто мы ёсць.
Мы ведаем, да чаго мы імкнёмся.
Мы ведаем, якімі мы жадаем стаць.
Сябры! Мы ёсць адно ў аднаго. І гэта бясцэнны скарб. Цуды здараюцца, але самы галоўны цуд - гэта мы самі, гэта кожны з нас, гэта дабро і любоў, якія мы дорым, нягледзячы ні на што!
У хвіліны суму я думаю пра сваю каханую сям'ю, пра сваіх выдатных сяброў, пра блізкіх і зусім незнаёмых людзей, якія ўвесь год побач са мной, якія хвалююцца за мяне, думаюць пра мяне, дораць цяпло душэўнымі лістамі, клапатлівымі перадачамі і ўяўнымі прывітаннямі.
Маё сэрца перапаўняе падзяка і захапленне ўсімі вамі.
Я зычу ўсім нам у Новым 2022 годзе сіл і энэргіі, каб вытрымаць усе выпрабаванні, дабра і любові, без якіх жыццё не мае сэнсу, надзеі і веры, якія азараюць нашы сэрцы святлом. Усмешак і цяпла адно аднаму, якія растопяць любыя айсбергі зла.
Я з вамі ўсім сэрцам і душой і дакладна ведаю, што ўсё будзе добра!
Люблю і моцна абдымаю! Ваша Маша».