BE RU EN

«Гэта якая ж павінна быць пенсія, каб купляць сала па 20 рублёў? »

  • 21.10.2022, 21:27

Пінчанка пайшла на рынак і жахнулася цэнамі.

Пенсіянерка з Пінска Аляўціна любіць закупляцца мясам і салам на мясцовым рынку: паводле яе слоў, там яны таннейшыя і больш якасныя, чым у краме. Але, пабываўшы нядаўна ў мясным павільёне, жанчына ўразілася як рэзка выраслі кошты сала - пра гэта яна распавяла рэгіянальнаму выданню «Медыя-Палессе».

Са слоў Аляўціны, пенсія ў яе крыху больш за 500 рублёў, з гэтай сумы пасля аплаты камуналкі і пакупкі лекаў застаецца блізу 300. Крупы, муку і цукар жанчына закупляе ў аптовых крамах або дыскаўнтэрах, сочыць за зніжкамі. Гародніну вырошчвае на лецішчы, а па мяса і сала раз на месяц ездзіць на гарадскі Цэнтральны рынак: паводле ейных слоў, там яны таннейшыя і больш якасныя.

Аднак, прыехаўшы закупляцца ў мінулыя выходныя, пенсіянерка была ў шоку ад коштаў: за кілаграм сала прадаўцы прасілі 20 рублёў, за бок - 15-16 рублёў.

- Тоненькае з праслойкай - 6-8 рублёў, але яго ж не пасмажыць, і есці няма чаго - адна скурка, - кажа Аляўціна.

Са слоў жанчыны, яшчэ ў верасні сала прадавалі па 15 рублёў.

- Прадаўцы сказалі, што вырасла закупачная цана. Але не на 5-7 рублёў адразу? І калі закупачныя цэны выраслі, то чаму ў суседнім Іванаве цэны значна ніжэйшыя? - дзівіцца жанчына.

У доказ сваіх слоў яна паказала фатаграфіі з іванаўскага рынку — мяркуючы са здымкаў, цэны ў суседнім райцэнтры сапраўды ніжэйшыя амаль удвая.

Апошнія навіны