Віталь Кім: УСУ вызвалілі амаль усю Мікалаеўскую вобласць
- 11.11.2022, 21:23
На чарзе - Кінбурнская каса.
Украінскія вайскоўцы вызвалілі ад расейскай акупацыі ўсю тэрыторыю Мікалаеўскай вобласці на правым беразе ракі Дняпра. Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву кіраўніка Мікалаеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталя Кіма.
На сённяшні дзень расейскія акупанты кантралююць толькі Кінбурнскую касу, частка якой таксама ўваходзіць у склад Мікалаеўскай вобласці.
- Цяпер афіцыйна: уся Мікалаеўская вобласць (акрамя Кінбурна) вызваленая, - паведаміў кіраўнік АВА.
Кім таксама адзначыў, што УСУ ўзялі пад кантроль вадаправод, якім пастаўлялі ваду з Дняпра ў Мікалаеў, аднак спачатку яго трэба размінаваць.
- Найбліжэйшым часам буду ведаць тэрміны патэнцыйнага аднаўлення пітной вады ў Мікалаеве, - дадаў ён.