Расейскі рубель максімальна ўпаў да даляра і еўра пад канец года
- 21.12.2022, 11:26
Адначасова з ім абрынулася і беларуская валюта.
У апошнія тыдні года курс рубля моцна зніжаецца ў дачыненні да даляра і еўра. Расейская валюта доўгі час знаходзілася ў стане раўнавагі - крыху вышэй за 60 рублёў за даляр, што вызначалася павольным аднаўленнем балансу попыту і прапановы на яе. Аднак за апошні месяц еўра падаражэў больш чым на 9 рублёў, даляр - больш як на 7,5 рубля. Пры гэтым даляр да рубля ўмацоўваецца насуперак агульнасусветным тэндэнцыям на валютных рынках: за мінулы тыдзень амэрыканская валюта падаражэла да расейскай на 3,5%, а зборны індэкс даляра да сусветных валют за той жа час знізіўся на 0,33 %.
Падзенне расейскай валюты паскорылася на таргах у панядзелак, 19 снежня, - курсы даляра і еўра на працягу дня раслі больш чым на 5%, упершыню з траўня перавысіўшы 68 рублёў і 72 рублі адпаведна - так моцна ўнутры дня рубель не падаў з кастрычніка. Пад вечар расейская валюта адквітала частку страт: умацавалася да 67,46 рубля за даляр і 71,6 рубля за еўра да 18:00 (менскага часу).
Рубель траціць пазіцыі дзеля камбінацыі чыннікаў, тлумачаць апытаныя Forbes аналітыкі. З аднаго боку, назіраецца тэндэнцыя на аднаўленне імпарту і запаволенне росту экспарту: прафіцыт рахунку бягучых аперацый у лістападзе прыкметна знізіўся, з $17,7 млрд. да $10,3 млрд. Пры гэтым яшчэ ўвесну паказчык перасягаў $30 млрд за месяц. Гэта азначае, што "рынак валюты перастае быць толькі рынкам прадаўца, дзе фармуецца значны лішак валюты, і становіцца больш збалансаваным, дзе попыт і прапанова прыкладна адпавядаюць адно аднаму", кажа эканамістка "Рэнесанс Капіталу" ў пытаннях Расеі і СНД Соф'я Данец. На ейную думку, што да фундаментальна абгрунтаваных значэнняў рубель па-ранейшаму "перакуплены" на 25% - гэты гэп (цэнавы разрыў) не будзе зліквідаваны хутка, аднак зніжэнне прафіцыту бягучага балансу гэтаму спрыяе, тлумачыць эканамістка.
Іншая прычына, з якой падае курс, — новыя санкцыйныя абмежаванні (эмбарга на марскія пастаўкі сырой нафты, увядзенне граніцы цаны расейскай нафту $60 за барэль, будучая забарона на пастаўкі нафтапрадуктаў) і зніжэнне нафтавых квот. У першай дэкадзе снежня вартасць кантрактаў на расейскую нафту Urals апускалася да $45 за барэль, прытым што ў кастрычніку сярэдняя вартасць Urals складаў $70,6 за барэль, у лістападзе - $66,47, зазначае аналітык ФГ "Фінам" Аляксандр Патавін. Вялікі дысконт на расейскую нафту абумоўлены санкцыямі, і ў гэтых варунках прапанова валюты на рынку скарачаецца.
Пры гэтым удзельнікі рынку пакуль не могуць аб'ектыўна ацаніць паўнавартасны эфект ад увядзення граніцы цаны для расейскай нафты, але, напэўна, зарання адыгрываюць неспрыяльны для рубля сцэнар, пры якім чакаецца скарачэнне сумы экспартнага валютнага даходу ў наступным годзе, адзначае начальнік аддзела аналізу банкаў і грашовага рынку ІК «Вялес Капітал» Юры Краўчанка. Наўпрост эмбарга і цэнавая граніца на курс рубля цяпер наўрад уплываюць: даход экспарцёраў - гэта кантракты папярэдніх аднаго-двух месяцаў, калі цана была вышэйшая, а аб'ёмы паставак стабільнейшыя, тлумачыць дырэктар інвестыцый «Лока-Інвеста» Дзмітрый Палявой. Аднак ускосна эфект ад гэтага чынніка мог спрацаваць праз чаканні ўдзельнікаў рынку, мяркуе ён. Пазітыву для валютнага рынку не дадае і працяг санкцыйнай рыторыкі — у пятніцу, 16 снежня, ЕЗ прыняў дзявяты пакет антырасейскіх санкцый, а таксама шэраг расейскіх кампаній і фізічных асоб папоўнілі амэрыканскі спіс SDN, нагадвае аналітык КК "Альфа Капітал" Юлія Мельнікава.
Яшчэ адзін магчымы чыннік, які вылучаюць аналітыкі, - каляндарны. "Не выключана, што ўдзельнікі рынку традыцыйна рыхтуюцца да вакацый, уважаючы за лепшае на гэты перыяд зарання выходзіць з рублёвых актываў", – кажа далей Краўчанка. "Ужо на наступным тыдні Еўропа і ЗША сыходзяць на працяглыя калядныя святы, а потым на навагоднія святы ідзе Расея, і гэта стварае павышаны попыт на валюту для тых, каму яна будзе патрэбная ў найбліжэйшыя тыдні", – тлумачыць Аляксандр Патавін з "Фінама".
Кажучы пра тое, чаму падзенне рубля паскорылася менавіта сёння, Юрый Краўчанка з "Вялес Капіталу" мяркуе, што яно магло быць выклікана моцным ростам патрэб асобных буйных гульцоў. Заснавальнік КК «Арыкапітал» Аляксей Траццякоў у сваім Telegram-канале тлумачыць падзеі ў тэрмінах тэхнічнага аналізу: пасля таго як даляр прабіў псіхалагічна важную адзнаку 65 рублёў, следам рушыла «масаваная хваля куплі валюты тымі, хто даўно мерыўся гэта зрабіць, але думаў пасядзець у больш прыбытковых рублёвых інструментах, пакуль рубель не падае». Імклівае паслабленне курсу магло быць звязанае з закрыццём угод, у тым ліку валютных пазык, хэджаваннем імпартных кантрактаў на 2023 год, а таксама з павышаным попытам з боку насельніцтва, якое было "заспетае знянацку" пасля "доўгіх месяцаў сумнай дынамікі" пад 60-62 рублёў за даляр, разважае Палявы.
Аналітыкі збольшага не чакаюць, што валютнае ралі зацягнецца: падтрымку рублю мае даць падатковы перыяд, калі экспарцёры будуць прадаваць валютны даход і купляць рублі для выплат у бюджэт. Будучыя падатковыя аплаты выраўнуюць баланс на рынку да канца года, мяркуе Краўчанка. «Рубель пакажа ўжо традыцыйную для сябе дынаміку: аслабленне ў першай палове месяца і адкат пад 25-ы дзень (на 3-ю дэкаду прыпадае продаж валюты экспарцёрамі - Forbes), - мяркуе галоўны макраэканаміст КК «Ингосстрах-Инвестиции» Антон Пракудзін. - А ў студзені імпарт традыцыйна самы нізкі, таму ў тых, хто не паспеў купіць валюту ў гэтым годзе, яшчэ мае быць прыстойная магчымасць у канцы студзеня». На думку аналітыкаў Прамсувязьбанка, актыўнасць экспарцёраў на валютным рынку напярэдадні падатковых выплат верне даляр у дыяпазон 63,5-64,5 рубля.
"У I квартале 2023 года сэзоннасць і больш моцны рахунак бягучых аперацый могуць вызначыць адскок у зону пад 60-65 рублёў за даляр, але пры гэтым зменлівасць будзе захоўвацца", – прагназуе Соф'я Данец. Калі гаварыць пра даўжэйшую перспектыву, то базавы прагноз «Рэнесанс Капіталу» - 70-75 рублёў за даляр у наступным годзе. Мацнейшае аслабленне можа быць злучанае з падзеннем сыравінных цэн, падтрымаць рубель можа, з аднаго боку, аднаўленне кітайскай эканомікі пасля пандэмійных абмежаванняў (плюс для экспарту), а з іншага — больш цвёрдыя фінансавыя санкцыі, праз якія попыт на валюту зменшыцца, тлумачыць эканаміст.
Сёння, 21 снежня, на біржавых таргах у РФ даляр і еўра зноў выраслі ў дачыненні да расейскага рубля.
Паводле звестак на 11.25 (менскі час) даляр прадаецца за 70,38 расейскіх рублёў (рост на 1,5 рубля).
Еўра каштуе 74,94 расейскія рублі (рост на 1,44 пункта з пачатку таргоў).
Адзначым, што за апошнія дні ў дачыненні да даляра і еўра моцна абрынуўся і беларускі рубель.
Даляр у Беларусі даражэе ўжо восьмыя таргі запар. Сёння, 21 снежня,
на пачатку таргоў у Менску даляр падаражэў на 3,3 капейкі да 2,6928 беларускага рубля.
Даляр стаў даражэць з панядзелка 12 снежня, калі ён каштаваў 2 рублі 47,19 капейкі. Такім чынам за восем таргоў ён вырас на 22 капейкі.
Курс еўра раніцай 21 снежня ў Беларусі склаў 2,8119 рублі.