BE RU EN

Беларусь страціла ўкраінскі рынак

  • 13.03.2022, 21:32

Пра гэта расказаў кіраўнік "Белдзяржхарчпрама".

У мінулым годзе экспарт прадпрыемстваў "Белдзяржхарчпрама" ва Украіну вырас на 57%, а цяпер "справовыя або партнёрскія стасункі перапыненыя і немагчымыя", заявіў старшыня канцэрна Алег Жыдкоў, піша zerkalo.io.

Пасля закрыцця беларуска-ўкраінскай мяжы некаторыя прадпрыемствы канцэрна страцяць важны рынак, бо ва Украіну ў іх ішло да 70% экспарту, вынікае з інтэрв'ю кіраўніка канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Алега Жыдкова.

- У цяперашніх варунках прадпрыемствы сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі, але аніводнае з іх не спынілася і далей працуе ў штатным рэжыме. Асобныя пазіцыі, якія мы сёння купляем як імпарт, якія рухаліся транзітам праз тэрыторыю Украіны, перанакіроўваюцца праз іншыя краіны, - расказаў кіраўнік «Белдзяржхарчпрама».

Алег Жыдкоў таксама падкрэсліў, што праз парушэнне лагістычных ланцужкоў, звязаных з чыгуначным, аўтамабільным і авіяцыйным транспартам, лагістыка падаражэла і час дастаўкі тавараў павялічыўся.

У той жа час, паводле ягоных слоў, з пачатку года імклівага росту цаны прадуктаў харчавання, з якімі працуе "Белдзяржхарчпрам", не адбылося. Асобныя прадукты падаражэлі да 6%.

- Цэны павялічваюцца, грунтуючыся на аб'ектыўнасці падаражэння працэсаў, якія адбываюцца на прадпрыемствах, а таксама з тымі спадарожнымі момантамі, якія звязаныя з захаванасцю запасаў, - заявіў Алег Жыдкоў.

У "Белдзяржхарчпраме" збіраюцца стрымліваць рост цаны сваёй прадукцыі "шляхам аптымізацыі выдаткаў і больш эфектыўнай вытворчасці".

Апошнія навіны