У Берасцейскім раёне дзеці знайшлі ў двары дома артылерыйскі набой
- 18.03.2022, 16:36
Бацька спытаў у сына, у што ён гуляе.
У Берасцейскім раёне сапёры абясшкодзілі артылерыйскі набой, які знайшлі ў двары дома дзеці, паведамляе zerkalo.io са спасылкай на МУС.
Аб знойдзеным набоі ў міліцыю паведаміў жыхар раёна. Ён распавёў, што дзеці гулялі ў двары і пачалі крычаць «набой». Тата спытаў у сына, у што ён гуляе. Той паказаў яму іржавы набой у зямлі.
На месца неадкладна выбылі супрацоўнікі міліцыі і сапёрна-піратэхнічная група. Тэрыторыя была ачэпленая і абследаваная, іншых боепрыпасаў выяўлена не было.
На ацэнку спецыялістаў, знойдзеным аб'ектам з'яўляецца артылерыйскі набой часоў Вялікай Айчыннай вайны.