BE RU EN

Пуцін наважыў стварыць лагеры для падлеткаў і адпраўляць іх на вайну?

  • 24.03.2022, 14:02

Згодна са звесткамі выведкі, дзяцей будуць адпраўляць у Данецк і Белгарад з чужымі дакументамі.

Расейскае вайскова-палітычнае кіраўніцтва спрабуе рознымі спосабамі змяніць сітуацыю на фронце на сваю карысць, але патрабуе для гэтага ўвядзення значных рэзерваў асабовага складу. Пры гэтым з новым гарматным мясам у Пуціна не складаецца.

Паводле звестак крыніц 24 канала ў выведцы, на адной з нарад кіраўніцтва войска Расеі і сам Пуцін абмяркоўвалі ўзмацненне акупацыйнага складу не толькі за кошт выхаванцаў «юнарміі». У Пуціна цалкам разглядаюць варыянты таемнага адпраўлення 15 - 16-гадовых дзяцей на фронт.

Дзеля гэтага ваенныя злачынцы жадаюць стварыць шэраг лагераў патрыятычнага выхавання для хлопчыкаў.

Дзяцей будуць адпраўляць на вайну з чужымі дакументамі

Паводле задум крамлёўскіх катаў, патрыятычныя лагеры павінны з'явіцца ў Краснадарскім краі, які ўважаецца сярод расейцаў за курортны.

У інфармацыйнай кампаніі па прасоўванні пуцінскага праекту будуць казаць, што кожны расейскі падлетак зможа бясплатна адпачыць пад назіраннем дасведчаных важатых, атрымаць неабходныя для выжывання навыкі і стаць сапраўдным мужчынам.

Бацькам будуць прапаноўваць адправіць школьнікаў у лясы, дзе яны будуць нібыта жыць у намётах без сувязі са светам. Дарослых, якія захочуць адправіць дзяцей у лагеры, прымусяць падпісаць адмову ад прэтэнзій на выпадак форс-мажору.

Расейскія прапагандысты ўжо атрымалі загад падрыхтаваць адпаведныя рэкламныя ролікі, якія неўзабаве будуць транслявацца ў інтэрнэце і на тэлевізіі.

Насамрэч, на задуму расейскага кіраўніцтва, падлеткаў будуць саджаць у цягнікі і адпраўляць наўпрост у Данецк і Белгарад. Канешне, без тэлефонаў, бо ніхто з дзяцей не можа звязацца з бацькамі.

Па прыбыцці ў пункты збору расейскія афіцэры павінны правесці дзецям кароткі інструктаж, выдаць ім зброю і дакументы. Самім падлеткам будуць казаць, што яны мусяць абараніць радзіму, як гэта рабілі дзяды падчас Другой сусветнай. Акрамя таго, дзяцей будуць запэўніваць у тым, што яны не будуць на перадавой і будуць «у поўнай бяспецы пад наглядам прафесійнага расейскага войска».

Страты спішуць на ўкраінскія ДРГ

Судзячы з абмеркавання «патрыятычных лагераў», Пуцін і яго асяроддзе суцэль разумеюць, што большасць падлеткаў назад не вернецца. Аднак яны вызначылі, што чалавечыя страты неістотныя ў параўнанні з выгадай, якую атрымае Крэмль у выпадку перамогі над Украінай. Таму злачынцы шмат разоў паўтаралі «за цаной не пастаім» і ўзгаднілі свае дзеянні пасля рэалізацыі праекта. Калі падлеткі загінуць у баявых дзеяннях на чужой ім тэрыторыі, іх у Расею прывозіць не будуць. Замест гэтага злачынцы створаць намётавае мястэчка непадалёк ад Сочы і ўзарвуць яго нібыта з выхаванцамі. Усе страты спішуць на ўкраінскіх дыверсантаў.

Будуць хаваць «памерлых» у закрытых трунах, але замест целаў дзяцей туды пакладуць толькі зямлю. Такім чынам, як мяркуюць у Крамлі, могуць забіць адразу двух зайцоў: забяспечыць войска некаторымі рэзервамі, а таксама стварыць магутную прапагандысцкую кампанію для абвінавачання Украіны ў гібелі падлеткаў. Акрамя таго, у Пуціна мяркуюць, што масавая смерць дзяцей ад рук украінцаў можа дапамагчы праводзіць больш актыўную мабілізацыю сярод дарослых.

Апошнія навіны